Кнігу пра Агінскага пераклалі з беларускай на літоўскую
17.09.2010 00:05

{jcomments on}У Вільні выдадзены пераклад на літоўскую мову кнігі Сяргея Верамейчыка — беларускага даследчыка жыцця палітычнага і грамадскага дзеяча, кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага.

Обложка книги

20 гадоў таму спадар Верамейчык — мастак па адукацыі — прыехаў з Мінска ў Залессе на Смаргоншчыне, дзе цягам 1802—1822 гадоў у родавым маёнтку жыў і працаваў Агінскі. У статусе старшага навуковага супрацоўніка будучага музея Верамейчык не толькі прысвяціў сябе пошуку новых старонак у біяграфіі дыпламата, паўстанца, аўтара сусветна вядомага паланэзу ля-мінор (“Развітанне з Радзімай”), але і далучыў да гэтага мясцовых дзяцей. Неўзабаве ў Залессі пачала дзейнічаць майстэрня малявання “Апалонік” і тэатральна-музычная студыя “Альтанка”.

ВеремейчикВерамейчык: “Самае галоўнае тут усё ж суб’ект. Менавіта такім суб’ектам, які паспрыяў і на самой справе здзейсніў пераклад і выданне гэтай кніжкі, стаў Вітас Руткаўскас — дырэктар музея Агінскіх у горадзе Рытавас каля Клайпеды. І менавіта дзякуючы ягонаму імпэту з’явілася гэтае выданне. Мы з ім пазнаёміліся вельмі даўно, пасябравалі; і ён як дырэктар музея ўбачыў “сваяцкасць” роду Агінскіх менавіта па лініі Беларусь-Літва. Таму што род Агінскіх узнік на Смаленшчыне ў часы Вялікага Княства Літоўскага. А потым адбылася гэткая міграцыя роду ў маёнтак Агінты, па-літоўску — Ogintai. Туды прыехалі яшчэ не Агінскія, а князі Глушонкі. А ўжо потым, калі нарадзіліся там дзеці, іх ужо пачалі зваць па назве Агінтаў — Агінскімі. Таму можна казаць, што радзіма прозвішча Агінскіх знаходзіцца каля невялікага гарадка Кайшадорыс, менавіта ў гэтых Агінтах. Зараз, праўда, там ужо амаль нічога няма. Стаяць дзве хаткі, алейкі. Аднак так ці інакш род Агінскіх сваёй гісторыяй звязаў сучасныя Літву і Беларусь. І якраз гэта ў маёй кніжцы заўважыў Вітас Руткаўскас”.

Карэспандэнт: “Атрымліваецца, што перакласці наяўны матэрыял літоўскаму боку прасцей, чым рабіць уласнае даследаванне?”

“Справа ў тым, што ў іх такіх даследаванняў папросту не было. Яны самі казалі, што гэта для нас унікальна, паколькі ніхто так падрабязна не складаў і не вывучаў вось гэты храналагічны ланцужок — пачынаючы ад узнікнення роду, разглядаючы жыццё Агінскага — і заканчваючы перыядам жыцця гэтага роду пасля Міхала Клеафаса Агінскага. Але дзякуючы таму, што яны ў Еўразвязе, у іх ёсць магчымасць ствараць вялікія праекты. Гэты праект разлічаны на 10 гадоў і мае назву “Гісторыя культуры роду Агінскіх”. Пад гэты праект Вітас знайшоў фінансаванне, і ў рамках праекту тысячным накладам выдадзена вось гэтая кніга. Трэба падзяку зрабіць яшчэ Сержуку Вітушку, які “сасватаў” выдатную перакладчыцу. Гэта Марыя Шупа, яна жыве ў Вільні. Пасля я пытаўся ў літоўцаў адносна якасці перакладу. І яны адзначалі: зроблена праца вельмі якасна (а там трэба было яшчэ два вершы перакладаць). Так што, дзякуючы спалучэнню такіх вось аптымістычных фактараў, і з’явілася гэтая кніга. І літоўцы цяпер таксама будуць чытаць маю кнігу пра Агінскага”.

Карэспандэнт: “Унутранае аздабленне кнігі аналагічнае беларускаму?”

“Не, яно адрозніваецца. Таму што гэта прадукт ужо іхны. Яны ўзялі наш матэрыял, але дадалі ілюстрацый, якіх у нас не было — вельмі якасныя партрэты, краявіды. І сам Вітас, пасля таго як пабываў летась у Фларэнцыі, дадаў фотаздымкі ў храме Санта-Крочэ, дзе пахаваны Агінскі. Так што перадусім яны дадалі шмат ілюстрацый, якія вельмі станоўча паўплывалі на якасць. У нас быў фармат невялікі, а ў іх ужо нашмат большы. Дый усё там зроблена, на мой погляд, проста цудоўна”.

Карэспандэнт: “Калісьці вы збіраліся рэалізаваць маштабны праект — пераклад з францускай на беларускую мову “Мемуараў” Агінскага…”

“Я працую ў гэтым кірунку, але пакуль казаць нешта надта аптымістычнае, шчыра кажучы, не выпадае. Увогуле такая задума ўзнікла даўно, калі я яшчэ толькі прыехаў у Залессе. Даведаўшыся, што існуюць мемуары — чатыры тамы на францускай мове — я пацікавіўся ў навукоўцаў у Мінску: ці займаўся хто гэтым? І са здзіўленнем даведаўся — аказваецца, ніхто ніколі не перакладаў! Дарэчы, літоўцы паводле згаданага ўжо праекту выдалі першы і другі тамы ў перакладзе на літоўскую мову — мемуары Агінскага, якія ён пачаў складаць у Залессі. Наагул ён усё жыццё збіраў лісты, абавязкова рабіў копіі, у тым ліку дыпламатычнай перапіскі. А таксама вёў дзённікі. І вось на падставе гэтых дзённікаў пачаў складаць мемуары ў Залессі, а скончыў працу ў Фларэнцыі. А сакратар Агінскага Леанард Ходзька, ураджэнец вёскі Аборак на Маладзечаншчыне, потым выдаў у Парыжы (за сродкі Агінскага, зразумела) гэтыя чатыры тамы. І я з дапамогай нашых сяброў з Парыжа — прафесара Сарбоны Бенедыкта Завішы — нават знайшоў дзверы таго выдавецтва, праз якія выходзіў Ходзька з першым накладам кнігі. І мая ідэя — павесіць там мемарыяльную дошчачку ў гонар не толькі Агінскага, а менавіта ў гонар выдання гэтых мемуараў дзякуючы Леанарду Ходзьку”.

Ігар Карней, "Радыё Свабода"