Ну вось гэта і адбылося! Экспедыцыя ў французскі горад Пуацье на магілу Леанарда Ходзькі завершана, яе ўдзельнікі шчасліва вярнуліся на Радзіму. Напомнім нашым чытачам, што Л.Ходзька (1800-1871г.г.) – гэта наш зямляк, ураджэнец вёскі Аборак, шматгранная і неацэненая ў поўнай ступені асоба. Ён вядомы ў першую чаргу як асабісты сакратар кампазітара і грамадскага дзеяча М.К.Агінскага.
Але ж Л.Ходзька і сам па сабе вызначыўся, і як гісторык , і як выдавец, і як пісьменнік, і як архівіст ,і г.д. і г.д… Менавіта ён адкрыў для Заходняй Еўропы польскую нацыянальнасць М.Каперніка, менавіта ён быў ініцыятарам таго, каб на Трыўмфальнай арцы ў Парыжы былі пазначаны і імёны слаўных генералаў і афіцэраў Рэчы Паспалітай, у тым ліку і ваяроў ВКЛ. Правёўшы большую частку жыцця ў вымушанай эміграцыі ён збіраў усе дакументы, што тычыліся Рэчы Паспалітай, г.зн. Польшчы, Літвы, Украіны і Беларусі, у тым ліку 125 тамоў гістарычных матэр’ялаў. Многія творы ён выдаваў сам ( мемуары М.К. Агінскага, двухтомнік вершаў А.Міцкевіча, кнігі М.Бакуніна, І.Лелявеля і інш.), а калі на актуальную тэму не было адпаведнага твора – пісаў сам (біяграфію Т.Касцюшкі, “Генеалогію князёў Агінскіх…”, “Гісторыю польскіх легіёнаў” і інш.), складаў шматлікія гістарычныя і палітычныя карты і г.д. І ён жа змагар за свабоду і дэмакратыю, як у пакінутай Радзіме, так і ў Францыі, удзельнік французскіх рэвалюцый 1830 і 1848г.г. Але ж застаецца шмат “белых плям” у яго біяграфіі. У гэтым ліку было і месца пахавання Л.Ходзькі. Дата яго смерці (12.03.1871г.) – гэта крытычны момант гісторыі Францыі : нямецкія войскі акупіруюць краіну, праз некалькі дзён успыхне пралетарская рэвалюцыя – Парыжская Камуна.
Цяжка прасачыць лёс чалавечай пясчынкі ў віры гістарычных падзей. Куды толькі не звярталіся сябры фонда “Спадчына М.К.Агінскага” у пошуках магілы Л.Ходзькі: у Пасольства Рэспублікі Беларусь у Францыі, у Згуртаванне Беларусаў Свету “Бацькаўшчына”, у Нацыянальную бібліятэку і г.д. І, нарэшце, з дапамогай Пасольства Францыі ў Рэспубліцы Беларусь і ,асабіста, першага дарадцы Пасольства Эльзы Піньоль, мы атрымалі пакет дакументаў з г.Пуацье, які пераканаўча падцвярджаў: магіла Л.Ходзькі знойдзена!
|