Тое-сёе аб Залессі Міхала Клеафаса Агінскага
14.08.2015 03:00

 

Як нярэдка бывае ў архіўных росшуках: шукаеш адно, а знаходзіш другое. Вось і я, шукаючы ў Маладзечанскім занальным архіве матэр’ялы аб вёсцы  Аборак, натрапіў на справы аб продажы зямлі і землеўпарадкаванні ў маёнтку Залессе ў 1920-х гадах. Паколькі Аборак мяне цікавіў як радзіма асабістага сакратара М.К. Агінскага Леанарда Ходзькі, то цікава было б даведацца, што ж адбывалася і ў былым  маёнтку самога Мікала Клеафаса. Наколькі мне было вядома, ў гэты час Залессем валодаў Генрык Высоцкі, прапраўнук дачкі М.К. Агінскага Эмы. Але, згодна з дакументамі Ашмянскага павятовага стараства, афіцыйна гаспадарамі Залескага маёнтка лічыліся прадстаўнікі абедзьвюх захаваўшыхся ліній нашчадкаў Агінскага: як Генрык Высоцкі, нашчадак Эмы, так і Юзаф Залускі, нашчадак старэйшай дачкі Міхала Клеафаса  – Амеліі. Іх інтарэсы пры продажы зямельных надзелаў прадстаўляў нейкі Вацлаў Садоўскі, магчыма упраўляючы маёнткам, бо месцам жыхарства меў менавіта Залессе.
Невядомая альтанка ў Залессі.

Справа ахоплівае перыяд з 13/11-1925г. па 24/04-1926г. За гэтыя паўгода ўсяго з маёнтка Залессе было прададзена амаль 54 га зямлі  агульным коштам 8995 злотых, то бок атрымліваецца ў сярэднім па 167 злотых за гектар. Куплялі зямлю сяляне з навакольных вёсак Готкавічы і Кавальцы і з фальварку Ірэнін. Адметна, што многія набывалі зямлю ў складчыну па 2-3 і нават па 5 чалавек, відавочна, каб танней абыйшлося афармленне дакументаў, усіх гэтых  ” Zgloszenniew” і “ Umow sprzedazy”.  А як дзялілі потым зямлю паміж сабой? Магчыма, як мой прадзед Кандрат са сваімі братамі і сястрой: склалі паперу на “добровольный раздел имущества”  у прысутнасці  сельскага старасты, “понятых и опекунов”. (Усе, акрамя старасты, непісьменныя, і за іх распісаўся адзін чалавек). І ніякіх пячатак і іншай канцаляршчыны - “что написано пером-не вырубишь топором”.
А продаж зямлі маёнтка працягваўся і надалей і ўжо ў 1934годзе большая   частка Залесся належала  Зямельнаму банку ў Варшаве…
Адметная таксама назва фальварка - “Ірэнін”. Відавочна, што акрамя дачкі Міхала Клеафаса Амеліі, чыё імя ўшанавана ў назве вёскі Амеліна (якую зараз упарта называюць “Амяліна”) і імя сына Агінскага – Ірэніюша - было адзначана на тэрыторыі  маёнтка. Магчыма сам Міхал Клеафас і назваў так фальварак. Дзе ж знаходзіўся фальварак Ірэнін? Мне падаецца, што менавіта ва ўсходняй частцы маёнтка, дзе і жылі асноўныя пакупнікі панскай зямлі – ля вёсак Готкавічы, Кавальцы, Заскавічы. Хутчэй за ўсё набывалі  сяляне зямлю побач са сваімі надзеламі.
Што яшчэ больш зацікавіла мяне ў справах маёнтка , дык гэта план Залесся, не пазнейшы чым ад 1926года (гл. малюнак).  На ім выразна бачны палац і прылеглая да яго мясцовасць. І тут мы можам убачыць, што насаджэнні вакол палаца маюць практычна сучасны выгляд. То бок, калі лічылася , што большая частка англійскага парка была знішчана ў савецкія часы, то ўжо  на плане 1920-х г.г. мы бачым сад на тым самым месцы, дзе ён і зараз. Адзінае адрозненне ад сучаснага выгляду наваколля палаца – цікавая сістэма дарожак перад галоўным уваходам. Мне здаецца, што гэта парадны партэр з кветнікамі і бардзюрамі з пастрыжаных кустоў. Магчыма такая планіроўка захавалася з часоў Агінскага і круг у цэнтры партэра – гэта і ёсць знакамітая  “клумба Эмы”.
І яшчэ адна маленькая знаходка. На гэты раз у альбоме рускага мастака і археолага Дзімітрыя Струкава, які не так даўно перавыдадзены ў выдавецстве “Беларуская Энцыклапедыя”. Д.Струкаў наведаў Беларусь у 1860-я гады. І вось, сярод замалёвак храмаў і руін,  я бачу напаўразбураную альтанку ў Залессі, якую не магу ні з чым ідэнтыфікаваць. У апісанні да малюнкаў альбома сказана, што альтанка знаходзілася ў заходняй частцы парка, мела напаўкруглую форму, вышыню 6-7м і, магчыма, порцік. Можа гэта першы паверх кітайскай альтанкі, то будзе добрая падказка для будучага яе аднаўлення. А можа якая невядомая будыніна? Ва ўсякім разе матэр’ял для роздуму ёсць.

В.Бурэнь, сябар праўлення фонду “Спадчына М.К.Агінскага”, г.Маладзечна.