Натхняе мастакоў Залессе
10.08.2009 03:00

Фестываль-кірмаш «Залессе запрашае сяброў», які нядаўна прайшоў у былым маёнтку Міхала Клеафаса Агінскага, сабраў некалькі соцень прыхільнікаў яго творчасці.
Удзельнікі пленэру Мікалай Купава, Алесь Шатэрнік, Віктар Мікіта, Мікалай Аўчыннікаў і сустаршыня мясцовага дабрачыннага фонду «Спадчына М.-К. Агінскага» Уладзімір Сівуха на фестывалі-кірмашы «Залессе запрашае сяброў».
Хаця свята і было прысвечана 325-годдзю з дня заснавання Залесся, на ім у асноўным гучала тэма Агінскага.
Ганаровымі гасцямі фестывалю сталі прадстаўнікі Залескіх сельскіх Саветаў з Кобрынскага i Глыбоцкага раёнаў і Залескай гміны Люблінскага ваяводства Польшчы. Удзел у мерапрыемстве прынялі творчыя калектывы з Латвіі, Літвы, Польшчы, Украіны. Пляцоўка перад музеем-сядзібай ператварылася ў сапраўдны «горад майстроў». Увагу гасцей прыцягвалі і тэматычныя падвор’і «Станцыя Залессе», «Залеская карчма», «Амяліна i яе жыхары», «Лекары Залесся», «Залескія чытанні».
У актавай зале адрэстаўраванага палаца Агінскіх былі выстаўлены карціны, створаныя ў час тэматычнага пленэру, арганізаванага ў Залессі мясцовым дабрачынным фондам «Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага». У мерапрыемстве ўдзельнічалі Мікалай Купава, Алесь Шатэрнік, Віктар Мікіта, Рыгор Батальёнак... З цягам часу ўзнікнуць новыя творы, якія будуць выстаўлены ў сталічным Палацы мастацтваў.
Маладзечанскія мастакі неаднойчы звярталіся да асобы М.-К. Агінскага. Першая выстаўка, прысвечаная кампазітару, паўстанцу, дыпламату і грамадскаму дзеячу, прайшла ў нашым горадзе яшчэ ў 1977 годзе. Аўтарамі работ былі Ядвіга Раздзялоўская, Юрый Герасіменка-Жызнеўскі, Васіль Лазоўскі і іншыя.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ. Маладзечанская газета.
http://www.mgazeta.by/Kultura/Natkhniae-mastako-Zalesse