“…Напярэдадні 250-годдзя з дня нараджэння М.-К. Агінскага планы ў фонду проста грандыёзныя”.
29.03.2014 03:00

Маладзечаншчына валодае значным турыстычным патэнцыялам. На яе тэрыторыі знаходзяцца 11 помнікаў прыроды, 286 аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, 21 аграсядзіба, санаторыі, дамы і базы адпачынку. Развіццё турыстычнай інфраструктуры не адстае ад патрабаванняў часу.
Баль, прысвечаны Міхалу Клеафасу Агінскаму, які ў 2012 годзе арганізавалі актывісты фонду, прайшоў крэатыўна.
У многіх аграсядзіб Маладзечаншчыны ёсць свае «изюминки». Так, у маі мінулага года ў вёсцы Талуі прыняла першых наведвальнікаў аграсядзіба «У Мароза», на базе якой дзейнічае адзіны ў СНД музей сячкарняў. Летась з’явілася аграсядзіба, якая распачала рэканструкцыю культурна-гістарычнай тэрыторыі «Гарадок». У чэрвені гэтага года яна прыме міжнародную канферэнцыю «Гарадок і яго яўрэйская гісторыя». У звязцы з дамамі культуры, музеямі, фальклорнымі калектывамі працуюць і гаспадары многіх іншых сядзіб.


Важны напрамак дзейнасці – арганізацыя новых экскурсійных маршрутаў. Так, нядаўна адно з вядучых турыстычных прадпрыемстваў рэгіёна – КУП «Маладзечанскі рэгіянальны турыстычны цэнтр» — прэзентаваў некалькі новых маршрутаў. Адзін з іх, «Забытая вайна», прымеркаваны да 100-годдзя пачатку Першай сусветнай вайны. ТАА «Вегатур» прапануе маршрут «Дарогамі Багушэвіча: жыццё адважнага Францішка». Турыстычны клуб «Пілігрым» на май гэтага года запланаваў велаэкспедыцыю «Да Блакітных азёр». Мясцовы дабрачынны фонд «Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага» прапануе чатыры экскурсійныя маршруты па месцах, звязаных з жыццём і творчасцю аўтара паланэза «Развітанне з Радзімай». Дарэчы, летась гэта арганізацыя падпісала некалькі дагавораў са сваімі замежнымі партнёрамі, чым значна павялічыла магчымасці турыстычнай дзейнасці.

А напярэдадні 250-годдзя з дня нараджэння М.-К. Агінскага планы ў фонду проста грандыёзныя.
Цікавыя задумы і ў арганізатараў Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна», а таксама свята песні, паэзіі і народных рамёстваў у Вязынцы. Выставы, якія прыцягваюць увагу маладзечанцаў і гасцей горада, рэгулярна праходзяць у цэнтральнай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча, Палацы культуры, абласным краязнаўчым музеі.
Дарэчы, у гімназіі №3 знаходзіцца адзіны ў Мінскай вобласці арніталагічны музей, у СШ №14 — музей воінаў-інтэрнацыяналістаў, у Радашковіцкай школе-інтэрнаце — музей вогненных таранаў. Штодня чакаюць наведвальнікаў спартыўна-забаўляльны цэнтр, коннаспартыўны комплекс «Палачаны», фітнэс-клубы, басейны і спартыўныя залы раёна…
Няхай шматлікія госці раёна адчуваюць жаданне наведаць маладзечанскі край яшчэ і яшчэ.
Таццяна ГАНІЧ, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. http://www.mgazeta.by/god-gostepriimstva/molodechnenskii-raion-ozhidaet-turistov-ne-tolko-v-god-gostepriimstva