Пакаёўка палаца ў Гануце
23.03.2014 03:00

Унікальнае фота маёнтка ў Гануце (цяпер Ручыца), якое даслалі нашчадкі Валовічаў краязнаўцу Дзянісу Канецкаму, надрукавалі ў "Рэгіянальнай газеце”. На здымку – палац ваяводы Троцкага, князя Тадэвуша Агінскага, пабудаваны прыкладна ў 1765 годзе.
Адразу нахлынулі дзіцячыя ўспаміны аб дарагой мясціне: сутокі рэчкі Гануткі з ракой Нарачанкай, што ўпадае ў Вяллю, тут жа вёска, царква, парэшткі панскага млына, бровара.
Рэчка Нарачанка працякае каля гэтага селішча, аб’ядноўвае сабой возера Нарач і раку Вяллю. Вада ў ёй такая празрыстая, што ў сонечнае надвор’е, зайшоўшы па грудзі, можна ўбачыць пальцы на нагах. Месцічы завуць яе "наш Іардан”.
За вёскай – старадаўнія могілкі навакольных вёсак і панскі склеп з разбуранай труной. Калі нехта паміраў, то казалі: "Павезлі небараку у Гануцкі чупчыннік”, бо ў тым месцы вельмі густа расла шыпшына.

Царква некалі была парафіяльнай, а пры ёй арганізавалі царкоўна-прыходскую школу.
А "на дуброве”, пляцоўцы ля царквы, штогод у жнівень ладзіўся фэст у гонар святой Ганны, бабулі Хрыста. Фэст на Ганну – так называлі мясцовыя жыхары сваё любімае галоўнае свята для маленькіх і дарослых. Тут было ўсё: і служба ў царкве, цір са стрэльбамі, салодкія пеўнікі для дзяцей, купанне ў Нарачанцы. А пад вечар – музыка і танцы "на дуброве”.
А пах сена ад падводаў, на якіх прыязджалі людзі, незабыўны і цяпер...
У час майго дзяцінства ад палаца, што на фотаздымку, засталіся толькі парэшткі падмуркаў...
Махлячка
Мая бабуля Мар’я пражыла 96 год і шмат што магла прыгадаць.
Гэта было ў час сівой мінуўшчыны, калі вёска Ганута ведала князёў Агінскіх, паноў Валовічаў і Равуцкіх. Ганута памятала і халерныя бунты, і нашэсце кайзера.
Мая бабуля часта распавядала гісторыю пра сваю бабулю, якую называла Махлячкай. Каля Гануты ёсць вёска Роцькавічы. Дык вось спрытную дзяўчыну Марыльку з роду Дамашчыцаў з гэтай вёскі ўзяў у свой палац пан Валовіч. Яна стала пакаёўкай: павінна была прыбіраць, дапамагаць пані, сустракаць гасцей.
Яе жвавасць, рухавасць, кемлівасць і весялосць спадабаліся пану і пані. Але ж яна была маладая, хацела яшчэ злётаць на музыку ў Кавалі ці Ярмолічы, суседнія вёскі. А каб ісці, трэба было ж прыбрацца прывабна і файна – яна ж панская пакаёўка, а не якая там Марылька! І вось тут ёй на дапамогу прыходзіла хітрынка-падманка. Яна ціхенька ў суботу, калі паны спалі ці ад’язджалі на баль да суседзяў, брала чырвоныя чаравікі і сукенку пані.
Безумоўна, поспех на танцах быў забяспечаны, да вялікай зайздрасці сябровак. Раненька дзяўчына вярталася ў палац і ўсе панскія рэчы клала на месца. Працягвалася гэта нядоўга. Пані аднойчы заўважыла, што абцасік чаравіка скрыўлены, а носік абдзёрты. Паклікаўшы да сябе пакаёўку, гнеўна запытала:
–    Мусіць ты абувала мае чаравічкі?
–    Не, не, любая панечка! Гэта яны з палічкі зваліліся, – адказала дзяўчына. 
І столькі хітраватай "шчырасці” было на твары пакаёўкі, што пані ад душы рассмяялася і сказала
Ну, ты сапраўдная махлярка, махля. Вось што. Буду цяпер цябе зваць Махлячка.
Так і прыстала да нашай пакаёўкі мянушка Махлячка.
Цеста ў саладусе
У сэрцы маладой пакаёўкі жыла спагада і спачуванне сваім аднавяскоўцам, якія працавалі на пана. Вось які аповед дайшоў да нас.
Калі пан загадваў мужыкам-халопам касіць сенажаць, тыя прыходзілі на касьбу са збанкамі саладухі ці квасу, каб спатоліць смагу, бо дзянькі стаялі гарачыя. І, ведама, у бедных палуднаваць не было чым, нават лустачкі хлеба не мелі.
Дык вось у абед, калі збанкі стаялі на пожні, наша Махлячка брала ў знаёмай кухаркі вялікі камяк цеста і кожнаму з касцоў адшчыпвала ў збанок кавалак. Касцы, выпіўшы квас, знаходзілі цеста і елі яго са смакам і ўдзячнасцю. Гэта трымалася ў таямніцы, ніхто пакаёвачку пану не выдаў.
Вялікая тайна палаца
Дзіўна было б, калі б пан не паклаў вока на такое гарэзлівае, спрытнае дзяўчо. І, па словах прыслугі пана, аднойчы, калі пані не было ў палацы, Валовіч паклікаў Махлячку-Марыльку са свечкай у спальню, каб тая шукала "скічак” (блох). Вельмі яны кусалі пана і не давалі спаць. У выніку "лоўлі блох” Махлячка зацяжарала. Гэта была вялікая тайна панскага двара.
Пакаёўку не выгналі з палаца. І пан, каб захаваць свой гонар, прымусіў сталага дзецюка Цімоха з тых жа Роцькавічаў ажаніцца з Махлячкай, падарыў ім вялікія грошы на вяселле і далейшае жыццё. Вось якія жарсці разгортваліся ў маёнтку!
Неўзабаве нарадзіўся хлопчык. Ды такі харошы і жвавенькі, акурат падобны да пана. Усе ў вёсцы празвалі яго Махлюком. З мужам Цімохам, які быў нашмат старэйшы за Марыльку, ніколі не было сварак. Жылі ў згодзе, шкадуючы адзін аднаго.
Але і пан не забыўся пра свайго сыночка. Калі той падрос, узяў у маёнтак эканомам. Махлючок дапамог пану ў самай любімай справе. Валовіч быў аматарам коней, выязных жарабцоў, як цяпер любяць іншамаркі. Махлючок ездзіў у Польшчу, Літву, Германію па такіх скакуноў і дагаджаў пану – быў такі самы дока ў гэтай справе, як і пан.
Халера
Тым часам да Гануты падпаўзла бяда. Дзесьці ў 1830-я ахапіла гэтыя абшары эпідэмія халеры. Царскім загадам "халерныя” вёскі акружылі жаўнеры, аб’явілі каранцін. Людзей з вёсак не выпускалі. Страляць маглі без папярэджання. Некаторыя трымалі хворых таемна, каб іх не забралі ў каранцін, дзе амаль усе паміралі. І сёння ў тых мясцінах існуе праклён "Ах, каб цябе халера ўзяла”.
На халеру захварэў і муж Махлячкі. Занесла яна Цімоха ў пуню, паклала на салому, каб ніхто не бачыў, і даглядала, як магла. Але надзеі амаль не было. Добрыя людзі падказалі, што можна лячыць так: напаіць і расцерці спіртам. А дзе ўзяць той спірт, калі ўжо і ежа канчалася?
Тут і дапамагла кемлівасць Махлячкі. Прыгадала, што ў пана ёсць бровар у Гануце. Справа была летам. Пераапранулася ва ўсе зялёнае, непрыкметнае, і ад Роцькавічаў да Гануты прапаўзла па бульбяных барознах тры кіламетры, абмінуўшы кардон, рызыкуючы жыццём. На бровары знаёмыя рабочыя невядома за якую плату налілі ёй вялікую бутэльку спірту. З гэтым скарбам яна зноў папаўзла дахаты. І што дзіўна, ад гэтага лячэння Цімох вылечыўся, проста ажыў!
Мусіць, сама халера пашкадавала гэту сям’ю і адступіла перад самаахвярнасцю такой жанчыны.
І сёння мясцовыя людзі называюць нашчадкаў Марылькі Махлюкамі, але што цікава – з павагай...

Уладзімір ВЕРЫН.
Фота забяспечана Дзянісам КАНЕЦКІМ.
© "Рэгіянальная газета"

http://www.rh.by/