Справаздача аб дзейнасці Мясцовага дабрачыннага фонду “Спадчын Міхала Клеафаса Агінскага” за 2014 год | Печать |
26.02.2015 03:00

Мясцовы дабрачынны фонд “Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага” (горад Маладзечна) атрымаў дзяржаўную рэгістрацыю 27 сакавіка 2012 года.

Мэтай дзейнасці фонду з’яўляецца захаванне, адраджэнне і папулярызацыя гісторыка-культурнай спадчыны роду Агінскіх.

Заснавальнікамі фонду з’яўляюцца установа адукацыі  “Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М.К. Агінскага” (дырэктар – заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Рыгор Сямёнавіч Сарока) і першы віцэ-старшыня грамадскага аб’яднання “Мінскі сталічны саюз  прадпрымальнікаў і працадаўцаў”, дырэктар прыватнага ўнітарнага  прадпрыемства “Электроніка і дыягностыка” Уладзімір Леанідавіч Сівуха.

Згодна структуры ў фондзе працуюць некалькі аддзелаў: аддзел сацыяльна-культурнай дзейнасці; аддзел сродкаў масавай інфармацыі і грамадскіх сувязяў;  эканамічны аддзел;  аддзел камунікацыйных і міжрэгіянальных сувязяў; аддзел турызму, гісторыі і краязнаўства; аддзел інфармацыйных тэхналогій; літаратурны аддзел; аддзел міжнародных сувязяў; аддзел мастацкай творчасці; аддзел па працы з творчай моладдзю.

2014 год распачаўся для фонду арганізацыяй пад кіраўніцтвам мастака Мікалая Аўчыннікава конкурса-выставы вучнёўскіх работ “Зорная палітра”, прысвечанага  кампазітару, грамадскаму і палітычнаму  дзеячу Міхалу Клеафасу Агінскаму. Праходзіла мерапрыемства на на базе ДУА “Гімназія-школа мастацтваў горада Маладзечна”. Лепшыя працы юных мастакоў былі адзначаны граматай фонду.

У канцы студзеня на базе кінатэатра “Радзіма” г. Маладзечна  з дапамогай  фонду адбылася прэм’ера дакументальнага фільма "Рана ў сэрцы. Міхал Клеафас Агінскі" (вытворчасць РУП "Беларускі відэацэнтр"), прысвечанага жыццю і творчасці Міхала Клеафаса Агінскага. У праграме прынялі ўдзел рэжысёр карціны Анастасія Мірашнічэнка і дырэктар відэацэнтра Алеся Жорнікава, а таксама Члены Саюза пісьменнікаў Беларусі паэтка Таісія Трафімава і паэт Валерый Хіхіч, удзельніца паэтычнага аб’яднання “Агмень” ПК г.Маладзечна паэтка Марыя Бельская. Упрыгожыла правядзенне мерапрыемтсва тэматычная выстава мастачкі Таццяны Туроўскай.

У лютым 2014 года з дапамогай актывістаў фонду духоўна-патрыятычным аб’яднаннем “Светач” пры Палацы культуры г. Маладзечна, танцавальных калектываў горада быў праведзены моладзевы праваслаўны баль “Стрэчанне-2014”,  адна з частак якога была прысвечана эпосе Агінскага.

Упрыгожыла вышэй названае мерапрыемтсва выстава работ удзельнікаў студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Палаца культуры ў Маладзечна “Зімовы баль” пад кіраўніцтвам мастачкі, члена Праўлення фонду Галіны Сушко.

На працягу сакавіка ў Палацы культуры г. Маладзечна працавала выстава Галіны Сушко “Акварэлі вясны”. Некалькі работ, прадстаўленых на выставе, прысвечаны яе радзіме:  вёсцы Залессе Смаргонскага раёна – месцы, дзе Агінскі стварыў  славуты паланэз “Развітанне з Радзімай”.

14-15 сакавіка 2014 года за круглым сталом у Вільнюсе сабраліся  заснавальнікі фонду Рыгор Сарока і Уладзімір Сівуха, члены фонду, а таксама  дырэктар Рэтаўскага культурна-гістарычнага музею Агінскіх Вітаўтас Руткаўскас, даследчыкі жыцця, творчасці і падзвіжніцкай дзейнасці Агінскіх, супрацоўнікі дзяржаўных, міжнародных і грамадскіх арганізацый. У ходзе мерапрыемства абмяркоўвалася праграма правядзення ўласных і агульных мерапрыемтсваў па падрыхтоўцы святкавання 250-годдзя з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага.

З 25 па 28 сакавіка намаганнямі ўдзельнікаў фонду  сумесна з турагенствам “Юг” была арганізавана турыстычная паездка ў Рэспубліку Польшчу групы навучэнцаў гімназіі-каледжа мастацтваў г. Маладзечна, якія прымалі актыўны ўдзел у выставе дзіцячай мастацкай творчасці “Зорная палітра”, прысвечанай роду Агінскіх. На выставе былі прадстаўлены працы таленавітых юных мастакоў, якія адлюстроўваюць дух эпохі Міхала Клеафаса Агінскага. Удзельнікі атрымалі магчымасць наведаць радзіму кампазітра і гістарычныя месцы, звязаныя з яго імем, азнаёміцца з гісторыяй жыцця членаў сям’і Агінскіх, аўдыё- і відэаматэрыяламі, прысвечаных гэтай тэме. Вынікам паездкі стала наладжванне кантактаў з прадстаўнікамі партнёрскіх арганізацый з мэтай рэалізацыі міжнароднага культурна-адукацыйнага праекта «Сябруем школамі» ў рамках правядзення мерапрыемстваў, прысвечаных 250-годдзю з дня нараджэння М.К. Агінскага.

У чэрвені 2014 года ўдзельнікі фонду падчас экспедыцыі наведалі гарады і мястэчкі Віцебскай вобласці, звязаныя з жыццём і дзейнасцю прадстаўнікоў роду Агінскіх: Лучай Пастаўскага раёна, Глыбокае, Полацк, Сянно, Віцебск.

Вынікам перамоў з грамадскім аб’яднаннем “Беларускі саюз сувораўцаў і кадэт” і ўдзелу ў сумеснай турыстычнай паездцы па месцах, звязаных з культурнай спадчынай роду Агінскіх, у чэрвені 2014 года стала падпісанне Дамовы аб агульных намерах па каардынацыі сваёй дзейнасці у вобласці патрыятычнага і духоўна-маральнага выхавання моладзі Беларусі.

“Агінскі са святла” – мерапрыемства, якое адбылося ў пачатку жніўня ў г. Маладзечна, было звязана з дэманстрацыяй магчымасці тэхналогіі праекцыі выяў на будынкі горада. На чале з Канстанцінам Чэрніковічам творчая  група арганізавала паказ старонак жыцця Агінскага.

23 жніўня прадстаўнікі міжнароднай арганізацыі дзелавых людзей і прафесіяналаў «Ротары» (Ротары-клуб “Мінск”) правялі выязное пасяджэнне, прысвечанае захаванню і папулярызацыі спадчыны Міхала Клеафаса Агінскага. Састаўной часткай яго стала азнаямленне з гісторыя Маладзечыншчыны і правядзенне дабрачыннай акцыі сумесна з Саюзам юрыдычных асоб “Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва” і Мясцовым дабрачынным фондам “Спадчына Міхала Клеофаса Агінскага” ў рамках рэалізацыі праграмы “Масты спадчыны Агінскіх”. Акцыя заключалася ў перадачы ксеракопіі дзвюх унікальных карт Рэчы Паспалітай у падарунак Залескаму сядзібна-паркаваму комплексу роду Агінскіх з мэтай папоўніць экспазіцыю сядзібы. Акрамя таго

Актывісты  фонду, дзеячы культуры і мастацтва нашай краіны, а таксама дырэктар Рэтаўскага культурна-гістарычнага музея Агінскіх Вітаўтас Руткаўскас і старшыня Літоўскай нацыянальнай камісіі ЮНЕСКА Ромас Пакальніс у верасні 2014 года прынялі ўдзел ў рабоце чарговага міжнароднага круглага стала па ўдакладненні праграмы сумесных мерапрыемстваў, прысвечаных юбілею Агінскага.  Праходзіла пасяджэнне ў сакратарыяце Літоўскай нацыянальнай камісіі ЮНЕСКА.

Па просьбе дабрачыннага фонду “Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага” працаўнікі пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада Мінскага абласнога  ўпраўлення МНС прыбралі могілкі Канаржэўскіх у в. Палачаны Маладзечанскага раёна, усталявалі гранітныя крыжы. Шыльду з адпаведнай адзнакай усталявалі 29 верасня. Атрад быў узнагароджаны ганаровай граматай за ўдзел у работах па аднаўленні пахавання контр-адмірала Расійскага флоту Івана Канаржэўскага і яго сваякоў.

Сумесна з МНС, Палачанскай сярэдняй школай Маладзечанскага раёна працягваюцца сумесныя працы па добраўпарадкаванні і аднаўленні помніка на фамільным склепе роду Ходзька-Дэдэркаў у в. Аборак Маладзечанскага раёна.

У канцы верасня 2014 года дырэктар фонду “Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага” Аляксандра Ляшковіч і адказны сакратар фонду Павел Сапоцька сумесна з калегамі з Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа ім. М.К. Агінскага, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва і ТАА “Заслаўль-Тур” у складзе дэлегацыі прынялі ўдзел у міжнародным літоўска-беларуска-малдаўскім праекце “Падарожжа за мяжу – прасоўванне сацыяльнай і эканамічнай актыўнасці жанчын і сацыяльных меншасцяў у развіцці дзелавой сеткі паміж Еўрапейскім Саюзам і Ўсходняй Еўропай”. Галоўным арганізатарам праекту выступіў Рэтаўскі інфармацыйны цэнтр бізнэсу. Прадстаўнікі фонду падзяліліся вопытам працы ў рэалізацыі грамадскіх і культурных праектаў, прынялі ўдзел у рабоце круглых сталоў і іншых дыялогавых пляцовак на тэмы межкультурнага супрацоўніцтва, гендэрнай палітыкі, ролі моладзі ў сацыяльна-эканамічным развіцці краіны, дзяржаўна-прыватнага і сацыяльнага партнёрства.

12 кастрычніка 2014 года ў рамках святкавання Дня работніка культуры калектыў педагогаў і супрацоўнікаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў прыняў удзел у краязнаўчай экспедыцыі ў Заслаўль, Маладзечна, Смаргонь, Залессе, Кушляны, арганізаваную прафкамам выкладчыкаў і супрацоўнікаў універсітэта і кафедрай міжкультурных камунікацый сумесна з Мясцовым дабрачынным фондам “Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага”. Экспедыцыя стала часткай ажыццяўлення праграмы “Масты спадчыны Агінскіх”, разлічанай на 2012-2015 гг. і прымеркаванай да 250-годдзя з дня нараджэння Агінскага.

Лістапад 2014 года быў адзначаны правядзеннем круглага стала “У кампаніі з бізнэсам” ТАА “Бізнес-цэнтр саюз-партнёр» у ДУА “Маладзечанская агульнаадукацыйная сярэдняя школа № 11 з мастацкім ухілам”. Тэматыка мерапрыемтсва – магчымасць прасоўваць прадукцыю  школьных бізнес-кампаній. У мерапрыемстве ўдзельнічалі намеснікі  дырэктараў школ горада і раёна па выхаваўчай рабоце, прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маладзечанскага райвыканкама, а таксама валанцёры Мясцовага дабрачыннага фонду “Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага”.

З мэтай развіцця творчых здольнасцей дзяцей і моладзі восенню 2014 года сярод вучняў Дзіцячай мастацкай школы мастацтваў горада Маладзечна фондам быў арганізаваны пленэр “Малюем пад “Паланез”. Лепшыя працы адзначаны граматамі і ўвайшлі ў галерэю (каталог) работ юных мастакоў па тэме Агінскага.

Важны напрамак дзейнасці фонду – распрацоўка экскурсійных маршрутаў. Аўтарамі іх з’яўляюцца член Праўлення фонду, загадчык аддзела турызму, гісторыі і краязнаўства Валерый Бурэнь, сябра фонду настаўнік геаграфіі ДУА “Гімназія №10 г. Маладзечна” Галіна Дрокіна.

Так, прапануюцца  чатыры экскурсійныя маршруты па месцах, звязаных з жыццём і творчасцю Агінскага: першы напрамак “Маладзечна – Лебедзева – Залессе – Смаргонь – Заброддзе”; другі напрамак “Радашковічы – Дубрава – Пятроўшчына –Гарадок – Белева – Маладзечна”; трэці напрамак “Маладзечна Груздава – Аборак – Палачаны – Хоўхлава – Белева”; чацверты напрамак “Маладзечна – Груздава – Аборак – Палачаны – Зоранька – Лебедзева – Маркава – Беніца – Залессе – Смаргонь – Заброддзе”.

Намаганнямі члена Праўлення фонду, галоўным спецыялістам  аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама Таццяны Ганіч і дырэктара фонду Аляксандры Ляшковіч турыстычныя маршруты былі паспяхова прадстаўлены на міжнародным вясновым кірмашы турыстычных паслуг “Адпачынак-2014”.

Цесна супрацоўнічае фонд з заснавальнікам творчай майстэрні «Іслач» Васілём Рубцовым з Ракава, які аднавіў на Валожыншчыне вытворчасць сувенірных вырабаў са шкла і крышталя. У майстэрні былі выбралены рэчы з выявай герба роду Агінскіх.

Дзякуючы намаганням кіраўніцтва фонду і прадастаўлення СЗАА “Дылерскі цэнтр ГАЗ “Калядзічы” (г. Мінск) бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі была выдадзена партытура рамантычнай оперы Алега Залётнева “Міхал Клеафас Агінскі. Невядомы партрэт” і перавыдадзены буклет “Вяртанне”, прысвечаны жыццю і творчасці М.К. Агінскага.

Работа Мясцовага дабрачыннага фонду “Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага” адлюстравана на старонках Маладзечанскай газеты, Рэгіянальнай газеты, Краязнаўчай газеты, у газетах “Культура” і “Літаратура і мастацтва”,  на тэлеканале “СТВ”, на Kraj.by, сайце фонду oginsky.stsby.com

Дырэктар Мясцовага дабрачыннага фонду

“Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага”                                     А.Ч. Ляшковіч

 

Справаздача аб выкарыстанні маёмасці Мясцовага дабрачыннага фонду “Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага” за перыяд з 01 студзеня 2014 г. па 31 снежня 2014 г.

Фонд зарэгістрыраваны Галоўным упраўленнем юстыцыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта 27 сакавіка 2012 г.

Заснавальнікі:

- УА “Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж ім. М.К.Агінскага”,

- Дырэктар ПУП “Электроніка і дыягностыка”, першы віцэ-старшыня ГА “Мінскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў” В.Л.Сівуха.

Юрыдычны адрас: 222310, Рэспубліка Беларусь, г. Маладзечна,

вул. В. Гасцінец, 52 - 315.

Паштовы адрас: 222310, Рэспубліка Беларусь, г. Маладзечна,

вул. В. Гасцінец, 52 - 315.

Астатак грашовых сродкаў на 01.01.2014 г. – 26 538 624 рублі,

у тым ліку:

- на асноўным рахунку - 26 538 6245 рублі.

Паступіла грашовых сродкаў 684 рублі, у тым ліку:

-         % банка 684 рублі.

Расходы грашовых сродкаў 25 477 500 рублёў, у тым ліку:

-        за абслугоўванне ААТ “Белинвестбанк” - 110 000 рублёў;

-        за аказанне паслуг па рэдакцыйна-выдавецкай падрыхтоўцы і паліграфічным выкананні партытуры оперы “Міхал Клеафас Агінскі. Невядомы партрэт” - АДА “Выдавецтва “Чатыры чвэрці” - 20 000 000 рублёў;

-        за аказанне паслуг па выкананні пісьмовай тэматычнай бібліяграфічнай даведкі  ДУ “Нацыянальная бібліятэка Беларусі” - 367 500 рублёў;

-        за выраб буклета “Вяртанне” індывідуальнаму прадпрымальніку Цыбіну Паўлу Юр'евічу - 5 000 000 рублёў.

Рэшткі грашовых сродкаў на 01.01.2015 года - 1 061 808 рублёў.

Справаздача разгледжана Апякунскім саветам фонду, зацверджана Праўленнем фонду 20 лютага 2015 г.

Дырэктар Мясцовага дабрачыннага фонду

“Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага”                                    А.Ч. Ляшковіч