У ПУАЦЬЕ, ДА ХОДЗЬКІ
09.06.2017 09:29

Ну вось  гэта і адбылося! Экспедыцыя ў французскі горад Пуацье на магілу Леанарда Ходзькі завершана, яе ўдзельнікі  шчасліва вярнуліся на Радзіму. Напомнім нашым чытачам, што  Л.Ходзька (1800-1871г.г.) – гэта наш зямляк, ураджэнец  вёскі Аборак, шматгранная і неацэненая ў поўнай ступені асоба. Ён вядомы ў першую чаргу як асабісты сакратар  кампазітара і грамадскага дзеяча М.К.Агінскага.

Але ж Л.Ходзька і сам па сабе вызначыўся, і як гісторык , і як выдавец, і як пісьменнік, і як архівіст ,і г.д. і г.д… Менавіта ён адкрыў для Заходняй Еўропы польскую нацыянальнасць  М.Каперніка, менавіта ён быў ініцыятарам таго, каб на Трыўмфальнай арцы ў Парыжы  былі пазначаны  і імёны  слаўных генералаў і афіцэраў Рэчы  Паспалітай, у тым ліку і ваяроў ВКЛ. Правёўшы большую частку жыцця ў вымушанай эміграцыі ён збіраў усе дакументы, што тычыліся Рэчы Паспалітай, г.зн. Польшчы, Літвы, Украіны і Беларусі, у тым ліку 125 тамоў гістарычных матэр’ялаў. Многія творы ён выдаваў сам ( мемуары М.К. Агінскага, двухтомнік вершаў А.Міцкевіча, кнігі М.Бакуніна, І.Лелявеля і інш.), а калі на актуальную тэму не было адпаведнага твора – пісаў сам (біяграфію Т.Касцюшкі, “Генеалогію князёў Агінскіх…”, “Гісторыю польскіх легіёнаў” і інш.), складаў шматлікія гістарычныя і палітычныя карты і г.д. І ён жа змагар за свабоду і дэмакратыю, як у пакінутай Радзіме, так і ў Францыі, удзельнік французскіх рэвалюцый 1830 і 1848г.г. Але ж застаецца шмат “белых плям” у яго біяграфіі. У гэтым ліку было і месца пахавання Л.Ходзькі. Дата яго смерці (12.03.1871г.) – гэта крытычны момант гісторыі Францыі : нямецкія войскі акупіруюць краіну, праз некалькі дзён успыхне пралетарская рэвалюцыя – Парыжская Камуна.

Цяжка прасачыць лёс чалавечай пясчынкі ў віры гістарычных падзей. Куды толькі не звярталіся сябры фонда “Спадчына М.К.Агінскага” у пошуках магілы Л.Ходзькі: у Пасольства Рэспублікі Беларусь у Францыі, у Згуртаванне Беларусаў Свету “Бацькаўшчына”, у Нацыянальную бібліятэку і г.д. І, нарэшце, з дапамогай Пасольства Францыі ў Рэспубліцы Беларусь і ,асабіста, першага дарадцы Пасольства Эльзы Піньоль, мы атрымалі пакет дакументаў з г.Пуацье, які пераканаўча падцвярджаў: магіла Л.Ходзькі знойдзена!

І вось доўгачаканая экспедыцыя. Ну для каго экспедыцыя, а для каго і цікавая экскурсія ,  дзякуючы неардынарнаму маршруту. Не ўсе сябры фонда “Спадчына М.К.Агінскага” па матэр’яльных і іншых прычынах  змаглі прыняць удзел у гэтай вандроўцы,  таму склад удзельнікаў папоўнілі , як гаворыцца “людзі з боку”, але з добрага боку. Ва ўсіх удзельнікаў вандроўкі  яе культурна-гістарычны складнік выклікаў толькі прыхільнасць і зацікаўленасць. Сабраліся ў аўтобусе людзі розных прафесій, узростаў, веравызнанняў. Былі тут святары і паэты, мастакі і прадпрымальнікі, музыканты, журналісты,настаўнікі … Але ўсе яны людзі вялікага творчага патэнцыялу, імправізацыі якіх у вершах і ў прозе маглі прымусіць і смяяцца да ўпаду , і глыбока задумацца. Энэргіі і крэатыву гэтых людзей  хапіла б, каб прымусіць смяяцца іплакаць  яшчэ з дзясятак такіх турыстычных груп,як наша. Не буду нікога адзначаць асабліва, бо трэба было б проста прыкласці спіс усёй тургрупы. Калі дадаць да гэтага суперкіроўцаў з аўтапарка №4  г. Ма-ладзечна Дзяніса і Ігара, то падарожжа не магло не атрымацца. Вядома , былі і цяжкасці, і дробныя канфлікты, і дарожныя неспадзяванкі. А як магло быць інакш, калі наш аўтобус быў, напэўна, першым, які дасягнуў берагоў  Атлантычнага акіяна у ваколіцах Ла-Рашэлі, а што тычыцца магілы Л.Ходзькі, то наўрад ці хто з беларусаў у 20-21ст.ст. наведваў яе да нас.

Такім чынам, мы выехалі з Маладзечна ўначы 20мая, трымаючыся  маршрута: Згожэлец- Рэймс-Парыж –Ла-Рашэль –Пуацье. “Усяго” 5 гадзін на мяжы і вось пад гукі знакамітага паланэза (традыцыя фонда Агінскага) мы пераязджаем мост праз Буг.

Першы, самы працяглы, сутачны адрэзак шляху, і вось,спатыкаючыся аб нейкія карэнні, па вузенькай дарозе (ці сцежцы?) аўтобус у поўнай цемры прабіраецца  праз лес  у ваколіцах г.Згожэлец на мяжы Польшчы і Германіі да кемпінга “Райско”.Той ноччу гэтая назва здавалася нам здзекам над зморанымі  людзьмі. Прыгажосць гэтай мясціны мы ацанілі толькі  сонечнай раніцой- высокі пагорак у квецені родадэндранаў акружаны горнай ракой і сасновым борам, квітнеючымі лугамі і  празрыстымі ручаямі. Але трэба спяшацца далей! Наступны пыпынак  ужо у Францыі – знакаміты Рэймс, горад, дзе каранаваліся французскія каралі, буйнейшы горад вінаробчай правінцыі Шампань.У Рэймсе, як і ў Беларусі, 4 помнікі сусветнай спадчыны са спісу ЮНЭСКА. З іх паспяваем агледзіць толькі адзін –Рэймскі сабор. Уражанне магутнае,слав уты Нотр-Дам-дэ-Пары  меркне  перад  гэтым “гігантам у карунках”. І зноў хутчэй наперад – у гэты ж дзень нас чакае Парыж.

Вось тут і разбегліся ў розныя бакі групы па інтарэсах, так што аматараў прайсці па слядах Леанарда Ходзькі і іншых эмігрантаў з Беларусі аказалася не так шмат. Наш невялікі атрад накіраваўся  на левы бераг Сены, у сярэдневечны Лацінскі квартал. У першую чаргу мы наведалі храм Святога Севярына,дзе пакланіліся іконе Маці Боскай Вострабрамскай работы нашага земляка Валенція Ваньковіча. Затым наш шлях ляжаў у старажытнейшыя парыжскія універсітэты – Сарбону і Калеж дэ Франс. Два “калегі-антаганісты” знаходзяцца побач і да гэтага часу ўражваюць сваімі кантраснымі асаблівасцямі. Сарбона зараз як бы ў аблозе з-за небяспекі тэрактаў: уваходы перагароджаны кратамі і пільна ахоўваюцца.Пасля некалькіх няўдалых спроб дамовіцца з ахоўнікамі  на нашым шляху нечакана ўзнік хлопец у вышыванцы. Артур, так назваўся наш новы знаёмы, толькі нядаўна вярнуўся з Украіны, цудоўна валодае рускай мовай, і ласкава згадзіўся нам дапамагчы.З ім мы здолелі “прарвацца”ў сярэдзіну гэтага замкнутага чатырохкутніка, прайшлі тры ўзроўні аховы, а на чацвёртым усё ж спатыкнуліся. Нам ветліва патлумачылі, што памяшканне бібліятэкі, дзе працаваў Л.Ходзька, ужо перабудавана, сама бібліятэка знаходзіцца ў іншым месцы і нам самім будзе нецікава туды заходзіць. Адзіным суцяшэннем было тое , што сам начальнік аховы, адклаўшы ў бок усе свае ключы і тэлефоны, сфатаграфаваў нас у гістарычным двары універсітэта.

Затое Калеж дэ Франс, які іўзнік у 1530г.як вольны ўніверсітэт у процівагу Сарбоне з яе дагматызмам і “закасцянелай” праграмай, у якім і зараз няма экзаменаў і не выдаюцца дыпломы, сустрэў нас шырока адчыненымі варотамі і дзвярыма. Тут мы накіраваліся проста у бібліятэку, каб даведацца, ці захаваліся тут звесткі пра выкладчыкаў універсітэта ў сярэдзіне 19ст. Адама Міцкевіча і Александра Ходзьку – траюрднага брата Леанарда Ходзькі. Такія звесткі з электроннага архіва праз пару хвілін бібліятэкар Ралан нам ласкава прадставіў, за што быў узнагароджаны нашай вядомай паэткай Таісай Трафімавай дэкламацыяй верша, прысвечанага А.Міцкевічу, хаця ён (Ралан) увесь час нам напамінаў, што  ў бібліятэцы нельга гучна размаўляць. Пасля пабеглі мы да  Вышэйшай горнай школы, дзе вучыўся яшчэ адзін наш зямляк – Ігнат Дамейка, якога занесла навука і неласкавы лёс аж у Чылі, дзе стаў ён рэктарам універсітэта ў Сантяга,нацыянальным героем, а спіс яго прыродазнаўчых адкрыццяў і названых у яго гонар аб’ектаў заняў бы вельмі шмат месца… Вечарэе, прамінуўшы астатнія “беларускія” мясціны, крочым па адрасе вуліца Севр,13. У 9 гадзін нас чакае аўтобус ля Эйфелевай вежы і нам трэба паспець знайсці дом, дзе жыла ўдава Л.Ходзькі – Алімпія Малішэўская, а магчыма і ён сам, да ад’езда ў Пуацье. Нажаль старога дома няма, новы будынак відаць 1920-30-х гадоў. Але на месцы дома бібліятэкара Сарбоны знаходзіцца … бібліятэка. Бібліятэкар Эмануіл ласкава запрашае ўвайсці. Абменіваемся візітоўкамі, фатаграфуемся на памяць. Бібліятэка знаходзіцца пры выдавецстве, мо і кнігі нашых паэтаў некалі  выйдуць з друку ў Парыжы: чаго на свеце не бывае.

Стомленыя, але задаволеныя вяртаемся да роднага аўтобуса. Нас чакае начны пераезд  у Ла-Рашэль, горад-крэпасць, горад-курорт на Атлантычным узбярэжжы. Тут шмат спакус. Адным хочацца наведаць акваруыум з акуламі, другім старадаўнюю крэпасць і форт Байярд, трэцім- купіць новы капялюшык. Але акіян усіх прымірыў. Блакітнае “міжземнаморскае” неба, мяккі пясок, цёплая па беларускіх мерках вада …Усе, хаця б басанож прайшліся па вадзе, па меры магчымасцяў пачаставаліся дарамі мора, палюбаваліся прыгожымі краявідамі.

Начуем у прыгарадзе Пуацье, а раніцой едзем на могілкі ”Hopital des Champs”,  на магілу Леанарда Ходзькі. Паехалі ўсе, у горадзе ніхто не папрасіўся выйсці. І вось мы на месцы, ля нашага земляка,”Леанарда Ходзькі з Аборка”, як напісана на помніку. Пачуццё напэўна такое, як у альпініста, які ўзышоў на вяршыню і ўсё…прыйшлі…далей няма куды…пакуль што…

Ля магілы ўсе хацелі падзяліцца пачуццямі: чыталі вершы, спявалі, казалі прамовы. Ксёндз Сяргей прачытаў малітву,кожны жадаючы высыпаў ля магілы з запаветнага мяшэчка хоць шчопаць замлі , узятай у Аборку з таго месца, дзе стаяў дом Леанарда Ходзькі. Узялі з сабою дадому і крыху жвіру з могілак, як часцінку памяці аб нашым парыжскім суайчынніку.

Потым была дарога дадому: нераскрытая загадка Арлеана, хостэл у Мецы (і гэты бок жыцця трэба ведаць), шыкоўны Люксембург: сапраўды Вялікае Герцагства. А ў аўтобусе былі жарты і песні, конкурсы і прызы,шкадаванне,што ўсё заканчваецца і жаданне :“Хутчэй дадому”… Усё апісаць- паперы не хопіць, таму заканчваю.

В.Бурэнь, сябар фонда “Спадчына М.К.Агінскага”.