Сустрэча з пiсьменнiкам
03.03.2017 09:48

Уладзімір СадоўскiТак ужо склалася, што сябры фонда “Спадчына М.К.Агінскага” з года ў год наведваюць Палачанскую сярэднююшколу, каб расказаць аб чымсьці цікавым , што адбываецца ў фондзе ці вакол яго. Мо кіруюцца яны карыслівымі планамі : каб аддзячылі ім школьнікі вясной - працай на гістарычным помніку ў Аборку, мо з якой іншай прычыны, але такія сустрэчы рэгулярна адбываюцца.

Вось і 22 лютага гэтага года госці з Маладзечна завіталі ў Палачаны. А нагода для сустрэчы была адметная. Зусім нядаўна выйшла з друку кніга маладога маладзечанскага пісьменніка Уладзіміра Садоўскага “1813”. Гэта фантастычны твор (так званы “зомбі-хорар”) у якім дзейнічаюць рэальныя гістарычныя асобы, у прыватнасці Міхал Клеафас Агінскі, які змагаецца з паўсталымі мярцвякамі – забітымі ў апошняй бітве пад Маладзечна французскімі салдатамі. Можна вядома спрачацца: ці мае права аўтар, ці не мае, так вольна абыходзіцца з гістарычнымі персанажамі? Але , без сумневу трэба адзначыць, што аповесць захапляе з першых старонак і чытаецца , як кажуць, на адным дыханні. І, безумоўна, сябры фонда не маглі не звярнуць увагі на твор, прысвечаны Міхалу Клеафасу Агінскаму, тым больш што тут Агінскі паказаны як адважны і рашучы герой.

На фота: Уладзімір Садоўскi

Такім чынам , Уладзімір Садоўскі, разам з сябрамі праўлення фонда “Спадчына М.К.Агінскага” Сяргеем Алейнікавым і аўтарам гэтых радкоў, апынуліся перад вучнямі і настаўнікамі Палачанскай школы. Пасля кароткай гістарычнай даведкі пра Маладзечна і Маладзечанскі замак часоў Агінскага  рэй павёў Ул.Садоўскі. Ён, у прыватнасці, расказаў,пра развіццё жанра “зомбі-хорар” у сусветным мастацстве,пра тое, што натхніла яго на напісанне гэтай , як ён называе, “навелы”, як ён прыйшоў да заняткаў літаратурай, якія мае творчыя планы. А потым было шмат пытанняў, якія паказалі, што і гаспадары добра падрыхтаваліся да сустрэчы, а многія і зусім , як кажуць, “у тэме”. Адметна, што малодшыя па ўзросце задывалі больш пытанняў, чым старэйшыя. Дзяцей  цікавіла літаральна ўсё: “Колькі Вам год?”, “Як стаць пісьменнікам?” і г.д. і г.д.

Напрыканцы сустрэчыУл.Садоўскі раздаў усім прысутным невялічкія сувеніры, падпісаў некалькі экзэмпляраў сваёй кнігі для Палачанскай школы і асобных кнігалюбаў. А закончылася ўсё невялікай фотасесіяй.

У заключэнне трэба падзякаваць калектыву школы, і асабіста завучу Тацьцяне Клокавай за гасціннасць і добрую арганізацыю сустрэчы, што таксама спрыяе далейшай сумеснай працы.

Валерый Бурэнь.