ГОД ЗАКАНЧВАЕЦЦА: ШТО ЗРОБЛЕНА? ШТО ДАЛЕЙ?
18.11.2016 03:00

Фрагмент помніка ў Вевісе ў гонар друкарні Віленскага брацства2015-ы – юбілейны для Міхала Клеафаса год, адзначаны шматлікімі спраўджанымі і неспраўджанымі мерапрыемствамі і імпрэзамі, адышоў у мінулае, і 2016-ы коціцца за ім значна цішэй, і ўсё радзей гучыць сёлета прозвішча мінулагодняга героя.

Але ж, пакрысе, тое-сёе робіццадля ўшанавання памяці роду Агінскіх, у тым ліку і валанцёрамі фонду “Спадчына М.К.Агінскага”.

У прыватнасці, неаднаразова адбывалася талака ў будынку былога манастыра трынітарыяў, які фундаваў Тадэўш Агінскі і насупраць парэшткаў Маладзе-чанскага замка, якім каля 120 год валодалі Агінскія. Аб гэтым у свой час паведамлялася ў друкаваных і электронных СМІ. Я ж хацеў бы звярнуць увагу на іншыя падзеі ,звязаныя з гісторыяй роду Агінскіх.

На фота: фрагмент помніка ў Вевісе ў гонар друкарні Віленскага брацства

Яшчэ ў траўні з’явілася паведамленне на сайце zviazda.by што беларускія даследчыкі нарэшце пабачылі на свае вочы першы ў свеце “Буквар” і высветлілі , што ён мае беларускія карані, а, дакладней, выдадзены ў Еўеўскай друкарні Вялікага Княства Літоўскага. Але ж Еўе (сучасны літоўскі горад Вевіс) у тыя часы (канец 16ст. – пачатак 17ст.) належала Багдану Агінскаму – падкаморыю трокскаму, палкоўніку войска ВКЛ і старасце Віленскага Святадухава праваслаўнага брацства. Менавіта сюды, у Еўе, Багдан Агінскі дазволіў сябрам брацства перавезці з Вільні друкарню і разгарнуў (за свой кошт) выпуск кніг рэлігійнага і дыдактычнага зместу. Але, як высвятляецца, не абмінуў увагай і падручнікі. У Еўі была выдадзена знакамітая “Граматыка” Мілеція Сматрыцкага, які таксама быў сябрам Святадухава брацства. Гэты падручнік больш за два стагоддзі карыстаўся вышэйшым аўтарытэтам у славянскіх мовазнаўцаў, узорам для сербскай, харвацкай ,балгарскай і румынскай граматык. І вось, аказваецца, што і першая ў свеце кніга з назвай “Буквар” таксама выдадзена (24 ліпеня 1618г.) у друкарні, заснаванай Багданам Агінскім. У свеце захавалася ўсяго два экзэмпляры гэтай кнігі – адзін у Даніі (няпоўны), і другі – у Лонданскай бібліятэцы карпарацыі адвакатаў, закрытай для шырокай публікі. Але мовазнаўцу Алесю Сушу ўдалося папасці туды і зрабіць некаторыя копіі з гэтага помніка культуры. Так што ў 2018 годзе мы можам з поўным правам адзначыць 400-годдзе беларускага Буквара і пакланіцца праху Багдана Агінскага ў Кронах (літоўскі Круоніс).

Высветляецца тое-сёе і ў нашых палесцінах. Так, пасля расчысткі старых могілак у Аборку, адкрылася вачам сямейнае пахаванне роду Адынцоў. А мы ж ведаем, што Антоні Эдвард Адынец быў “аднакашнікам” Леанарда Ходзькі па Барунскай манастырскай школе, неаднаразова наведваў Міхала Клеафаса Агінскага - і ў Залессі, і ў Фларэнцыі. Магчыма, што ягоныя сваякі і знайшлі свой спачын побач з гняздом сям’і Леанарда Ходзькі. Ад маёнтка Гейстуны, дзе нарадзіўся А.Адынец, да Аборка не больш як 40 кіламетраў. Ды і недалёкі Вязавец у свой час таксама належыў Адынцам (Ці не тым самым?). Трэба яшчэ папрацаваць у архівах, каб адказаць на гэтыя пытанні. І яшчэ адно сямейнае пахаванне, звязанае з родам Агінскіх, чакае свайго апісання. Але аб гэтым у наступны раз.

Валерый Бурэнь