Галерея
Поиск по сайту...
Вход на сайт
Сейчас на сайте
Сейчас 5 гостей онлайнРасчысціць крыніцы памяці |
30.09.2016 03:00 | |||
Талаку на левым беразе Ушы правялі валанцёры мясцовага дабрачыннага фонду «Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага». Грамадскія актывісты прыбіралі тэрыторыю насупраць замчышча, вывучалі асаблівасці мясцовасці. На гэтым участку б’юць з зямлі некалькі крыніц, што захаваліся пасля меліярацыі. Як сведчаць гістарычныя дакументы, у часы Льва Сапегі ў вусці ручая, які сілкуюць крыніцы, была лесапілка. Уздоўж берага Ушы, недалёка ад дарогі на Вілейку, валанцёры заўважылі рэшткі старой алеі. Калі і кім яна была пасаджана — невядома. Недалёка ад яе ўзвышаецца пагорак. У інвентарным перапісе XVIII стагоддзя гаворыцца, што тут стаяў панскі дом. І сапраўды, на вяршыні пагорка можна знайсці кавалкі чырвонай цэглы. — Участак мае гістарычную, культурную і прыродную значнасць, — адзначыў член праўлення фонду Мікалай Тамашэўскі. – Таму на гэтым месцы варта было б стварыць тэматычную гістарычную паркавую зону. Адпаведны праект падрыхтаваны. Для яго рэалізацыі спатрэбяцца сумесныя намаганні грамадскасці і дзяржавы. Аднак спачатку трэба вызначыць граніцы тэрыторыі і статус будучага культурна-турыстычнага аб’екта. — Гэта талака надзвычай важная, бо месца, дзе раней знаходзіўся замак роду Агінскіх, знакавае для жыхароў Маладзечаншчыны, — падкрэсліла дырэктар фонду Алеся Каролік. – Гістарычны парк, які можа ўзнікнуць ля Ушы, паспрыяе патрыятычнаму выхаванню моладзі і прыцягне ў раён дадатковую колькасць турыстаў. P.S. Удзельнікі талакі мелі намер прыбраць смецце на тэрыторыі паміж прыватным сектарам і Ушой насупраць замчы- шча. На жаль, поўнасцю выканаць намечанае не ўдалося. На гэтым участку мясцовыя жыхары стварылі несанкцыянаваныя звалкі, куды вывозяць бульбоўнік, гнілыя яблыкі, галлё... Сустракаюцца нават вогнішчы, дзе палілі аўтамабільныя колы. Такім адносінам да роднага горада і прыроды можна толькі здзіўляцца. Чаму людзі засмечваюць месца, ля якога жывуць? Няўжо цяжка зрабіць кампоставую яму, а другасныя рэсурсы здаць на перапрацоўку? Тым больш крыўдна, што адбываецца гэта недалёка ад помніка археалогіі, які ахоўваецца дзяржавай. Алег БЯГАНСКІ.
|