Гісторыя аднаго цуда: Адам Мальдзіс шукаў мясцовага кампазітара, а выявіў агульнаеўрапейскага дзяржаўнага дзеяча Міхала Клеафаса Агінскага
07.01.2016 03:00

Зоя Хруцкая. “Рэгіянальная газета”.
Менавіта Мальдзіс у 1959 годзе ў маладзечанскай абласной газеце “Красное знамя” першы ў пасляваеным друку даказаў, што Міхал Клеафас Агінскі напісаў паланэзы менавіта ў беларускім Залессі, а не “дзесьці ў Польшчы ці Літве” ці на “расійска-прускай мяжы”. Пра тое, як гэта паўплывала на адну са значных падзей 2015 года – святкаванне 250-годдзя славутага земляка, ён распавядае ў інтэрв'ю "РГ".
...Тая значная падзея адбылася выпадкова. Потым прафесар падрабязна апісаў яе ў кнізе “Падарожжа ў XIX стагоддзе: З гісторыі беларускай літаратуры, мастацтва і культуры”. Адам Восіпавіч на станцыі Залессе выпадкова пачуў размову, што тут некалі жыў кампазітар Агінскі. І тады ён загарэўся імкненнем даведацца, ці праўда, што знакаміты паланэз напісаны ў Залессі на Смаргоншчыне. Пра тое, якое значэнне атрымала яго адкрыццё асобы Агінскага 56 год таму, мы разважалі з прафесарам Адамам Мальдзісам. Спачатку не бачыў увесь маштаб Агінскага
Я найперш думаў пра яго як пра аўтара паланэза “Развітанне з Радзімай” і не ведаў, што ён такі шматаблічны – і дзяржаўны дзеяч, дзяржаўнік па мысленні, і дыпламат, і пісьменнік-мемуарыст. Талент празаіка прасочваецца ў яго мемуарах. А тады ведаў толькі пра паланэз і не думаў пра агульнаеўрапейскі ўзровень. Ставіў задачу даказаць толькі, што ён напісаў паланэз менавіта ў Залессі, якое месціцца ў Беларусі.
Але Міхал Клеафас паступова паўставаў усё больш шматгранным. Сёлетняя дата – апагей ушанавання яго памяці. Раней яго ўшаноўвалі як лакальнага, краёвага дзеяча, але на маладзечанскай канферэнцыі мы ўпершыню ўбачылі яго як асобу некалькіх краін.
Ён належыць і Поль­шчы, бо нарадзіўся ў Гузаве каля Варшавы, непадалёку пахаваныя і яго бацькі. Належыць і Літве, таму што родавы маёнтак Агінты – на тэрыторыі Літвы. Але найперш ён належыць па свайму роду, як нашчадак Глушонкаў, Беларусі. Зрэшты, ён сам сябе не дзяліў, давайце і мы не будзем. Тады Рэч Паспалітая была непадзельнай, і толькі потым, у 20-м стагоддзі, утварыліся чатыры дзяржавы.
Ён быў сенатарам у Расіі, і не глядзеў на гэту краіну варожымі вачыма. Калі ішоў паходам у час паўстання Касцюшкі, у 1794 годзе, на ўсход, то прайшоў праз Ашмяны, Валожын, Івянец. Хацеў дайсці да Мінска і накіравацца далей на ўсход, дзе былі яго шматлікія маёнткі, якія належалі роду Агінскіх. Ён не збіраўся ваяваць з рускімі, а хацеў толькі адсунуць іх да мяжы 1772 года. Хацеў адрадзіць ВКЛ як агульную дзяржаву і для этнічных беларусаў, і для этнічных літоўцаў. А закончыў жыццё ў Італіі, пахаваны ў знакамітай базіліцы Санта-Крочэ каля Галілея.
Чаму беларусам неабходна ведаць сваіх зорак
Памятаю, як на сесіі асамблеі ААН у Ню-Ёрку ў 1990 годзе я чуў размову ўкраінскага прэм’ер-міністра з амерыканскім калегам. Апошні казаў: з тым, што ўкраінцы маюць багатую гісторыю, можна пагадзіцца: у іх было казацтва, ёсць вядомыя асобы. Іншая справа беларусы – у іх нібы і гісторыі сваёй няма.
Адны бачылі прычыну нашай невядомасці ў тым, што Беларусь пача­лася толькі са стварэння БНР, другія адлічвалі яе пачатак ад БССР, трэція – ад абвяшчэння суверэннай Беларусі. Але ж Беларусь тым і адрозніваецца ад суседніх дзяржаў, што выступала ў гісторыі пад іншай, часцей за ўсё, “суседняй” назвай. Спачатку гэта былі славянскія княствы крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў. Пасля на іх падставе ўзнікла ВКЛ са сталіцай у Навагрудку, а пасля ў Тракаі і Вільні. Гэта была агульная дзяржава, і беларусы толькі ў лацінскіх і грэчаскіх дакументах называліся альбарусамі. У нас жа этнічных літоўцаў называлі тады жмудзінамі, а пад русінамі або ліцвінамі мелі на ўвазе продкаў сучасных беларусаў.
У 2018 годзе мы будзем адзначаць 800-годдзе зафіксавання пісьмовага наймення “Беларусь” у пісьмовым дакуменце, які знайшлі ў Венгрыі.
Калі каранавалі на галіцка-валынскі трон Рудольфа ІІ, яго назвалі і каралём Альбарусі. Але гэта быў дакумент на лацінскай мове. А так нашы продкі называлі сябе русінамі. Скарына, калі абараняў дактарат па медыцыне ў Падуі, па этнічным прынцыпе называў сябе русінам, а па дзяржаўным – ліцвінам. Так што мы ў гісторыі засвечваліся пад іншай назвай, за выключэннем лацінскіх і грэчаскіх дакументаў. Не ведаючы гэта, могуць казаць, што беларусы не маюць сваіх гістарычных каранёў і дзяржаўнасці. Трэба ўлічваць і ўсё тое, як на гэта глядзелі нашы продкі.
А словы “беларускі” і “беларусы” пайшлі ад Расіі, паколькі Кацярына ІІ назвала так жыхароў, далучаных да імперыі Полацкай, Віцебскай і Магілёўскай зямель. І з гэтай назвай Агінскі недзе ўнутрана пагадзіўся. Ён пісаў, што дойдзе да Белай Русі, дасць сваім сялянам свабоду, уцягне ў паўстанне з тым, каб землі, якія ў 1793 годзе ўвайшлі ў Расійскую імперыю, стварылі адноўленае ВКЛ.
Што марыў убачыць у 250-гадовы юбілей Міхала Клеафаса?
Адноўленую сядзібу ў Залессі. Калі было ўстаноўлена, што Міхал Клеафас жыў у Залессі, будынак быў у дрэнным стане. Цяпер жа ён ад­ноў­лены, ёсць два фонды ў краіне, якія змагаюцца за памяць нашага земляка.
Нядаўна я спецыяльна паехаў з сябрамі ў новы мінскі рэстаран “Агінскі”. Пытаюся, дык у гонар якога Агінскага? А мне ў адказ: “А што – іх было двое”? На самой справе іх было многа, гэта знакаміты род, многія з іх увайшлі ў гісторыю.
У Маладзечне была чацвертая навуковая канферэнцыя за гэты год, прысвечаная Міхалу Клеафасу. Яна стала сапраўды міжнароднай, у ёй прынялі ўдзел вучоныя пяці краін. Беларусь ушанавала яго памяць вельмі добра. Асабліва пастаралася выдавецтва “Чатыры чвэрці”, дзякуючы якому мы маем перакладзеныя з французскай мовы мемуары нашага знакамітага земляка.
Ці адчулі шараговыя людзі юбілей?
Не ўсё адразу. Мы фактычна вярнулі з небыцця гэтую асобу. Паланэз ужо стаў вельмі папулярны. Але новая гістарычная асоба не адразу ўвайшла ў нашу свядомасць.
Хаця Агінскі лічыў сябе аматарам у музыцы, ён быў вельмі таленавіты, прафесіянал. У яго паланэзе выказаны смутак з прычыны развітання з Радзімай і таксама гучыць абнадзейваючы фанфарны заклік наперад, які запэўнівае, што ўсё будзе добра. Гэта заклік верыць і змагацца за лепшае жыццё. Як у класічным творы, тут чаргуюцца два матывы. Так што паланэз не выпадае назваць аматарскім творам. Ён папулярны і для шараговага чалавека.
Як варта далей развіваць уплыў Агінскага
Трэба выдаць мемуары і на беларускай мове. Пакуль мы маем толькі ў рускамоўным перакла­дзе, але падрыхтаваныя і два беларускія перак­лкады. Помнік стаіць у Маладзечне, магчыма, варта паставіць і ў Залессі.
У Слоніме, дзе быў тэатр дзядзькі нашага героя, Міхала Казіміра Агінскага, варта паставіць помнік апошняму. У тагачаснай Еўропе слонімскі тэатр па сваім узроўні быў другім пасля тэатраў Манхайме – у сённяшняй Германіі. Некаторыя оперы раней ставілі ў Слоніме, чым на ра­дзіме аўтараў у Італіі.
І, відаць, Міхал Клеафас не быў бы такі таленавіты, каб у дзяцінстве не жыў у Слоніме і каб яго не выхоўвалі такія педагогі, як кампазітар Казлоўскі.
Мы вельмі шмат адкрылі імёнаў і ўстанавілі іх значнасць, але гэта толькі падмурак, які трэба развіваць. Дрэва, якое неглыбока трымаецца каранямі за зямлю, падчас моцнага ветру вырываецца першым.
Даведка “РГ”. Адам Восіпавіч Мальдзіс – пісьменнік, літаратуразнаўца, журналіст. Доктар філалагічных навук, прафесар. Нарадзіўся ў 1932 годзе на Астравеччыне. У 1956-1959 гадах працаваў сакратаром радашкавіцкай раённай газеты “Сцяг Ільіча”. Узнагароджаны медалём і ордэнам Францішка Скарыны.
http://www.rh.by/by/364/70/13365/