Запрашаем на вечарыну
14.11.2015 03:00

Шаноўнае спадарства, заклікаем Вас наведаць музычны вечар ансабля "ВЫТОКІ", які адбудзецца 20 лістапада а 19 гадзіне.
З павагай, адмістрацыя дома-музея Ваньковічаў.
ПРЭС-РЭЛІЗ
Музычны вечар з ансамблем “ВЫТОКІ”
У рамках экспанавання выставы “Камерны партрэт першай паловы XIX ст.” 20 лістапада а 19-й гадзіне ў Доме-музеі Ваньковічаў адбудзецца чарговы музычны вечар з удзелам салістаў ансамбля “Вытокі”.
Ансамбль “Вытокі” быў створаны ў 2001 годзе як трыа, у яго складзе салісты Белдзяржфілармоніі Сяргей Махаў (флейта), Аляксей Фралоў (фагот), Ірына Аўдзеева (фартэпіяна, клавесін, арган).
На працягу 14 гадоў творчай дзейнасці  калектыў падрыхтаваў і з поспехам прадставіў у Беларусі шэраг адметных праграм, якія складаюцца з шэдэўраў беларускай і сусветнай музыкі.
Музыканты ансамбля паасобку і разам неаднаразова выступалі ў самых прэстыжных залах Беларусі і замежжа. У паслужным спіску выступленні ў Германіі, ЗША, Іспаніі, Кітаі, Ліване, Люксембургу, Нідэрландах,   Польшчы і іншых краінах, творчае супрацоўніцтва з выдатнейшымі музыкантамі свету. Ансамбль  выконвае  як класіку сусветнай і беларускай музыкі,  так  і  ўнікальныя  архіўныя  знаходкі,  а таксама спецыяльна створаныя  сучаснымі  аўтарамі  кампазіцыі. У  2011  годзе  трыа пашырае свой склад. Да ансамбля далучаюцца Тамара Рэмез (сапрана), Павел Cурагiн (флейта) і Ігар Аўдзееў (перкусія). У залежнасці ад праграм і мастацкіх задач ансамбль можа трансфармавацца ад трыа да квінтэта. Мастацкі кіраўнік ансамбля салістаў “Вытокі” – лаўрэат міжнародных конкурсаў, фагатыст і дырыжор, даследчык гісторыі беларускай музыкі Аляксей Фралоў.
У  2015 г. ансамбль ініцыіраваў і правёў цыкл юбілейных музычных праграм на раздіме Агінскага "Год Агінскага ў  Залессі". Канцэрты былі прымеркаваны да  250-годдзя  Міхала  Клеафаса Агінскага і сабралі ў сценах  княжацкай  "Сядзібы  Муз"  сваіх сяброў – выдатных  салістаў і разнастайныя ансамблевыя і аркестравыя калектывы.
Лагічным завяршэннем юбілейнага года Міхала Клеафаса Агінскага стане музычны вечар салістаў ансамбля “Вытокі” пад кіраўніцтвам Аляксея Фралова ў Доме-музеі Ваньковічаў. Вядучы праграммы – Аляксей Фралоў.
Музычная праграма разлічана на 1 гадзіну. Кошт білета (90 000 руб.) прадугледжвае таксама агляд экспазіцыі Дома-музея Ваньковічаў. Білеты на праграму можна набыць у касе музея. Даведкі па тэл. (017) 327 88 78 ці (029) 629 05 41, (029) 875 57 78, а таксама на старонках у кантакце http://vk.com/valenti_vankovich ці  фэйсбуку https://www.facebook.com/Музей-Дом-Ваньковічаў-Культура-і-мастацтва-першай-паловы-XIX-стагоддзя.