Да Агінскага ў Маладзечна
10.11.2015 03:00

На працягу двух дзён напрыканцы кастрычніка ў Маладзечне праходзіла міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Культурная спадчына роду Агінскіх і яе значэнне для сучаснага развіцця грамадства» з удзелам  навукоўцаў, дыпламатаў, дзеячаў культуры, краязнаўцаў, бізнесменаў з Беларусі, Расіі, Літвы, Украіны і Польшчы.
Удзельнікі канферэнцыі ля помніка Міхалу Клеафасу Агінскаму
Арганізавалі канферэнцыю Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж і мясцовы дабрачынны фонд «Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага». Сярод удзельнікаў былі такія вядомыя дзеячы нацыянальнай культуры як Адам Мальдзіс, Віктар Скарабагатаў, Уладзімір Гілеп, Аляксандр Смолік, а таксама дырэктар Рэтаваскага музея гісторыі і культуры Агінскіх Вітас Руткаўскас, першы міністр замежных спраў незалежнай Беларусі Пётр Краўчанка, былы старшыня Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА Уладзімір Шчасны і іншыя. — Прымаць такіх высокіх гасцей – вялікі гонар, — адзначыў ва ўступным слове дырэктар музычнага каледжа старшыня праўлення фонду Рыгор Сарока. — Маладзечанцы многае зрабілі, каб вярнуць на нашу зямлю памяць пра кампазітара, паўстанца і дыпламата. Але не трэба забываць, што Агінскі – асоба сусветнага маштабу, якая яднае народы розных дзяржаў. Таму работа па ўвекавечанні спадчыны славутага роду будзе прадоўжана.
— Гэта канферэнцыя — адно з завяршальных мерапрыемстваў святкавання 250-годдзя з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага, — падкрэсліў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Эвалдас Ігнатавічус. – Яна дае дадатковую магчымасць наладзіць міжнароднае супрацоўніцтва ў галіне культуры, аб’яднаць жыхароў тых населеных пунктаў, дзе жылі прадстаўнікі роду Агінскіх. Наступным этапам павінен стаць турыстычны абмен і развіццё эканамічных сувязей.
У рамках мерапрыемства працавалі тэматычныя секцыі, праходзілі прэзентацыі друкаваных выданняў. У музычным каледжы адкрылася выстаўка карцін членаў Саюза мастакоў нашай краіны. Акцёры Мінскага абласнога драматычнага тэатра паказалі спектакль «Паланэзы на вяртанне». Удзельнікі канферэнцыі наведалі гісторыка-культурны комплекс Аборак і музей-сядзібу Агінскіх у Залессі.
http://www.mgazeta.by/Kultura/Da-Ag-nskaga-Maladzechna