«…Унікальная з'ява для горада»
02.11.2015 03:00

У музычным каледжы імя М.-К. Агінскага разгорнута выстаўка работ лепшых мастакоў Беларусі. Сярод аўтараў карцін – Віктар Мікіта, Мікола Купава, Алесь Мара, Ягор Батальёнак, Мікола Аўчыннікаў, Рыгор Мяжуеў, Аляксандр Пашкевіч і іншыя. Экспазіцыя прысвечана жыццю і творчасці аўтара паланеза “Развітанне з Радзімай”.
- Ідэю дадзенай выстаўкі прапанавалі бізнес-цэнтр “Саюз партнёр”, мясцовы дабрачынны фонд “Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага” і некаторыя прафесійныя мастакі, - гаворыць адзін з арганізатараў мерапрыемства, дырэктар бізнес-цэнтра і член праўлення фонду Уладзімір Сівуха. – Адразу вызначылі тэматыку твораў. Для аўтараў работ быў арганізаваны пленэр у Залессі. У выніку спачатку з’явіліся эскізы, а потым – самі карціны.
У далейшым на базе экспазіцыі плануецца стварыць інтэрнэт-галерэю. Ёсць дамоўленасць, што падобныя пленэры і выстаўкі пройдуць таксама ў Літве і Польшчы. Дарэчы, акрамя карявідаў “Паўночных Афін” (так у часы Агінскага называлі Залессе), на карцінах адлюстраваныя таксама Вільня, Аборак, іншыя месцы, звязаныя з жыццём і творчасцю нашага славутага земляка і яго паплечнікаў. Наведвальнікі ўбачаць і некалькі гістарычных патрэтаў.
- Гэта выстаўка – унікальная з’ява для Маладзечна, - адзначыла кіраўнік народнай студымі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва пры Палацы культуры нашага горада Галіна Сушко. – На ёй прадстаўлены карціны вельмі высокага ўзроўню. Аўтары палотнаў – вядучыя мастакі нашай краіны. Іх работы ўпрыгожваюць лепшыя галерэі як у Беларусі, так і за яе межамі. Дзякуючы выстаўцы жыхары Маладзечаншчыны маюць магчымасць адчуць дух той рамантычнай эпохі, калі жыў і тварыў Міхал Клеафас Агінскі.
На фота: Навучэнцы Маладзечанскага музычнага каледжа знаёмяцца з творамі вядучых мастакоў Беларусі.