250-годдзе Міхала Клеафаса Агінскага адзначылі ў Маладзечне
30.09.2015 03:00

Адразу некалькі мерапрыемстваў, прысвечаных юбілею Міхала Клеафаса Агінскага, прайшлі на Маладзечаншчыне ў мінулую пятніцу. Святкавалі 250-годдзе з дня нараджэння аўтара неўміручага паланэза «Развітанне з Радзімай» і ў многіх населеных пунктах Беларусі, іншых краін свету.
У нашым горадзе ўрачыстасці пачаліся з мітынгу на пляцоўцы ля музычнага каледжа імя М.К. Агінскага.
Аляксандр Яхнавец і Рыгор Сарока адкрываюць гісторыка-культурны комплекс у Аборку.
— Міхал Клеафас яшчэ пры жыцці заслужыў вялікі аўтарытэт і папулярнасць, — сказаў дырэктар каледжа, кавалер ордэна Францыска Скарыны, старшыня праўлення мясцовага дабрачыннага фонду «Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага» Рыгор Сарока. — Таму сваім земляком яго лічылі і цяпер лічаць беларусы, літоўцы, палякі, італьянцы… Гэта асоба збліжае народы і аб’ядноўвае адданых культуры і мастацтву людзей. Вось чаму ЮНЕСКА ўнесла дзень нараджэння аўтара паланэза «Развітанне з Радзімай» у спіс памятных дат, якія адзначаюцца ва ўсім свеце. Словы павагі да кампазітара, а таксама да тых, хто захоўвае яго спадчыну, выказалі загадчык аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Рамановіч, першы міністр замежных спраў незалежнай Беларусі Пётр Краўчанка, пісьменнік, гісторык і навуковец Леанід Несцярчук, дырэктар фонду «Спадчына М.К. Агінскага» Аляксандра Ляшковіч.
І вось настаў самы ўрачысты момант мерапрыемства: пад неўміручую музыку паланэза «Развітанне з Радзімай» да помніка яго аўтару ўскладаюцца жывыя кветкі.
Аборак
Наступнае месца святкавання – Аборак. Тут ва ўрачыстай абстаноўцы прайшло адкрыццё гісторыка-культурнага комплексу. Ганаровае права адкрыць аб’ект было дадзена старшыні райвыканкама Аляксандру Яхнаўцу і Рыгору Сароку.
У гісторыка-культурны комплекс уваходзяць часткова адрэстаўраванае месца пахавання сям’і Ходзькаў-Дадэркаў, пляцоўка, дзе раней знаходзіўся касцёл Святога Роха, зона адпачынку вакол яе і могілкі, на якіх пахаваныя контр-адмірал Расійскага флоту Іван Канаржэўскі і яго сваякі. З цягам часу на месцы дома, у якім нарадзіўся Леанард Ходзька, павінен быць устаноўлены мемарыяльны камень.
Завяршыла цырымонію закладка алеі памяці роду Ходзькаў-Дадэркаў і ў знак юбілею М.К. Агінскага. Ля пляцоўкі, дзе раней знаходзіўся касцёл, удзельнікі мерапрыемства пасадзілі 40 ліп.
Поўнасцю матэрыял Алега Бяганскага змешчаны ў "МГ" за сераду, 30.09.2015 г. Фота: Аляксей ПЛАТКО.
http://www.mgazeta.by/Kultura/250-goddze-M-khala-Kleafasa-Ag-nskaga-adznachyl-Maladzechne