Дакументы вяртаюцца
09.01.2011 12:30

{jcomments on}Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культурыВяртанне народу гістарычнай спадчыны – праца крапатлівая, цікавая і вельмі адказная. Тым больш гэта важна для нашай краіны, бо Беларусь – маладая дынамічная дзяржава з багатай гісторыяй і традыцыямі. І дзякуючы такім людзям, як дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь Зінаіда Лявонаўна Кучар, да нас вяртаюцца невядомыя старонкі жыцця Міхала Клеафаса Агінскага. Прычым, старонкі ў прамым сэнсе гэтага слова.

 

 

Тэматыкай Агінскага, важнай як для ўсёй Беларусі, так і для нашай Маладзечаншчыны, Зінаіда Лявонаўна шчыльна займаецца ўжо больш чым 10 год. І гэта праца, а таксама добрыя навуковыя стасункі далі свой вынік: беларусы нарэшце на свае вочы могуць пабачыць, сістэматызаваць і вывучыць дакументы, што распавядаюць пра жыццё Міхала Клеафаса Агінскага. Такую магчымасць нашым навукоўцам і грамадзкасці прадставіў Расійскі архіў старажытных актаў, перадаўшы электронныя копіі з свайго фонду. З гэтай нагоды Зінаіда Лявонаўна Кучар распавядае:

- Шмат тэкстаў напісана асабістым сакратаром Агінскага Леанардам Ходзькам. Вядома і цалкам лагічна, што больш усяго ў архіве менавіта нотных лістоў. Але вялікае месца займае падборка візітак, якая зараз апрацоўваецца на кампутары, а таксама лісты з гербам роду Агінскіх “Агінец”.

Зінаіда Лявонаўна прадэманстравала і некалькі цікавых дакументаў: ліст з контурам дзіцячай ступні (чыя гэта ножка – пакуль што невядома), зашыфраваныя запісы, календары таго часу. З таго, што ўжо ўдалося сістэматызаваць, большая частка ўяўляе сабой дзелавую, афіцыйную перапіску. А вось аматарам сенсацый прыйдзецца быць сціплымі – асабістае жыццё Агінскага застаецца таямніцай гэтага чалавека. Зінаіда Лявонаўна дзеліцца сваімі уражаннямі:

- Так, “белыя плямы” у асэнсаванні жыцця нашага славутага земляка ўсё ж застаюцца. Бракуе партрэтаў як самаго Агінскага, так і яго сям’і. Хаця зараз вядзецца праца па капіяванні з дапамогай сучасных лічбавых тэхналогій пяці карцін па тэматыцы Агінскага. Хутка яны будуць выстаўлены ў Крулеўскім (Каралеўскім) замку ў Варшаве, а затым стануць часткай экспазіцыі музея ў Залессі.

У гэтым рэчышччы, як заверыла Зінаіда Лявонаўна, прынясе вялікі плён і супрацоўніцтва з маладзечанцамі. Бо мала яшчэ дзе вядзецца такая праца па папулярызацыі спадчыны Міхала Клеафаса Агінскага. Ды і нашы творцы – музыканты, мастакі, паэты, пісьменнікі, краязнаўцы з нецярпенням чакаюць новых цікавых звестак. Каардынуе іх дзейнасць мясцовы дабрачынны фонд “Паўночныя Афіны”.

 

 

На фота: Дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь Зінаіда Лявонаўна Кучар, 1-ы віцэ-старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімір Леанідавіч Сівуха і кіраўнік паэтычнага аб’яднання “Агмень” пры Палацы культуры г. Маладзечна Таццяна Атрашэнка знаёмяцца з дакументамі, датычнымі Міхала Клеафаса Агінскага.