Агінскі: высокі строй музычнага аматарства
22.09.2015 03:00

25 верасня 2015 года сусветная грамадскасць адзначыць 250-годдзе Міхала Клеафаса Агінскага, вядомага ў Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі дыпламата і палітычнага дзеяча.
Але ў гісторыі еўрапейскай культуры ён застаўся перш за ўсё цудоўным кампазітарам, аўтарам рамансаў і інструментальных твораў, якія і сёння з задавальненнем слухаюць і выконваюць як прафесіяналы, так і аматары музычнага мастацтва ўсяго свету. Маладзечанцы могуць ганарыцца тым, што жыццё і творчасць Міхала Клеафаса былі непарыўна звязаны з нашай зямлёй. Ганарыцца і імкнуцца як мага больш ведаць пра гэтага таленавітага музыканта і яго творчасць.
Прадстаўнік старажытнага роду Міхал Клеафас Агінскі (1765-1833) яшчэ пры жыцці набыў шырокую еўрапейскую вядомасць як кампазітар, хоць сам лічыў сябе музыкантам-аматарам.
Фарміраванне і развіццё яго музычнай творчасці адбывалася на мяжы ХVІІІ і ХІХ стагоддзяў і стала своеасаблівым мастком, які злучыў класічную і рамантычную эпохі ў музычнай культуры краю. Нашчадак знакамітага на прасторах былога Вялікага Княства Літоўскага шляхецкага роду, чые прадстаўнікі на працягу стагоддзяў праславіліся асветніцтвам, схільнасцю да прыгожага мастацтва, Міхал Клеафас стаў самым таленавітым з Агінскіх. Застаўшыся музыкантам-аматарам, ён дасягнуў высокага прафесіяналізму і ў сваёй творчасці выйшаў далёка за межы аматарства, працягваючы традыцыі мінулага і сучаснага яму мастацтва і адкрываючы шляхі ў будучыню. Найбольш поўна талент Агінскага праявіўся ў творах камернага жанру, традыцыйнага для хатняга музіцыравання. Кампазітар аддаваў перавагу вакальнай лірыцы і інструментальнай мініяцюры. Яго спадчына ўключае цэлы шэраг рамансавых твораў, а таксама каля сарака фартэпіянных п’ес у жанрах паланэза, вальса, мазуркі, галопу, менуэта.
Рамансы з’яўляюцца бадай што самымі цікавымі творамі аўтара. Большасць з іх напісана кампазітарам на ўласныя тэксты пераважна на французскай і італьянскай мовах. У творах Агінскага спалучаюцца тэмы філасофскага роздуму з элементамі маралізатарства, любоўных перажыванняў, разнастайных па эмацыянальнай напоўненасці: ад светлага, узнёслага пачуцця праз смутак расставання да патэтыкі бурнага парыву і адчаю.
Музычнае ўвасабленне паэтычных тэкстаў таксама ўтрымлівае рысы класіцысцкай і раннерамантычнай стылістыкі. Вядучым у творчасці Агінскага становіцца жанр элегіі, які напаўняецца то любоўнымі перажываннямі, то настальгічнымі ўспамінамі. Але найбольш яскрава новы рамантычны светапогляд праяўляецца ў рамансах, якія належаць да жанру драматычнага маналогу.
Камерна-інструментальная творчасць Міхала Клеафаса прадстаўлена шэрагам фартэпіянных танцавальных мініяцюр і сярод іх найперш творамі ў жанры паланэза. Кампазітар зрабіў значны крок на шляху рамантызацыі паланэза, калі з бытавога танца вырастае і фарміруецца апаэтызаваны мастацкі танец эпохі рамантызму.
Паланэзы Агінскага прасякнуты мяккім лірызмам і чуллівасцю, звязанымі з сентыменталісцкімі тэндэнцыямі пераходнай эпохі, яны пераклікаюцца з вакальнай лірыкай кампазітара. Кола вобразаў, паглыблены псіхалагізм, агульны строй мелодыкі, а часта і асаблівасці формы выклікаюць шэраг асацыяцый з яго рамансамі.
Агінскі з’яўляецца аўтарам больш чым дваццаці паланэзаў, якія ўвайшлі ў скарбніцу еўрапейскай музычнай культуры дзякуючы найперш меладыйнаму дараванню кампазітара. Вытанчаная, напеўная мелодыка паланэзаў напоўнена мяккім лірызмам і абаяльнасцю.
Творчыя здабыткі Міхала Клеафаса Агінскага ў вялікай ступені падрыхтавалі далейшы рух музычнага мастацтва на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага да вяршынь камерна-інструментальнага жанру ў творчасці Фрэдэрыка Шапэна і камерна-вакальнага – Станіслава Манюшкі.
Захоўваць памяць – ствараць будучыню
Жыццё і лёс Міхала Клеафаса Агінскага, а таксама яго сяброў і паплечнікаў цесна звязаны з маладзечанскай зямлёй. Таму і юбілей аўтара паланэза «Развітанне з Радзімай» у нашым раёне плануецца адзначыць вельмі шырока. Тым больш што да арганізацыі святкавання далучыліся многія прадпрыемствы і арганізацыі, актывісты мясцовага дабрачыннага фонду «Спадчына М.К. Агінскага», Маладзечанскі райвыканкам.
Галоўным мерапрыемствам урачыстасці стане пастаноўка оперы «Міхал Клеафас Агінскі. Невядомы партрэт», якая адбудзецца 25 верасня ў Палацы культуры нашага горада і якая была ў студзені паказана ў Брэсце.
Мастацкім кіраўніком праекта з’яўляецца заслужаны дзеяч культуры Беларусі, галоўны дырыжор сімфанічнага аркестра Маладзечанскага музычнага каледжа Рыгор Сарока. Аўтар лібрэта і рэжысёр-пастаноўшчык — Сяргей Макарэй, хормайстар — Вера Каханоўская, балетмайстар — Аляксандр Драгаміраў. У галоўнай ролі выступіць саліст фларэнтыйскага тэатра «Камунале» Уладзімір Александровіч.
Да юбілею нашага славутага земляка будзе добраўпарадкавана часткова адноўленае месца пахавання сям’і Ходзькаў-Дадэркаў у Аборку (у гэтым населеным пункце ў 1800 годзе нарадзіўся асабісты сакратар Міхала Клеафаса, вядомы беларускі гісторык, выдавец, публіцыст, бібліёграф Леанард Ходзька). Там плануецца ўладкаваць зону адпачынку, устанавіць лаўкі, інфармацыйны ўказальнік у напрамку да гісторыка-культурнага комплексу «Аборак», прабурыць свідравіну для пітной вады... На месцы дома, дзе нарадзіўся Леанард Ходзька, запланавана ўстаноўка памятнага знака.
Не забылі арганізатары святочных мерапрыемстваў і пра яшчэ адно знакавае месца ў Аборку – могілкі, дзе пахаваныя контр-адмірал Расійскага флоту Іван Канаржэўскі і яго сваякі. Тут павінна завяршыцца рэстаўрацыя каменнай агароджы.
Да канца верасня таксама будзе праведзена выстаўка работ маладых мастакоў, прысвечаных Міхалу Клеафасу Агінскаму.
У верасні-кастрычніку плануецца арганізаваць прэзентацыю фатаграфій Яўгенія Стэльмаха «Памяці роду Агінскіх». А 21-22 кастрычніка Маладзечаншчына прыме гасцей і ўдзельнікаў міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Культурная спадчына роду Агінскіх і яе значэнне для сучаснага развіцця грамадства». Адным з момантаў канферэнцыі стане закладка алеі ля брамы былога касцёла Святога Роха ў Аборку.
Кацярына ШАСЦІЛОЎСКАЯ, выкладчыца Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага.
Алег БЯГАНСКІ.
http://www.mgazeta.by/Kultura/Ag-nsk-vysok-stroi-muzychnaga-amatarstva