Рыгор Сарока паставіў другі помнік Агінскаму
13.09.2015 03:00

Трэцяя прэм’ера оперы “Міхал Клеафас Агінскі. Невядомы партрэт” пройдзе ў дзень яго нараджэння – 25 верасня. Першая прэм’ера прайшла 12 снежня ў Палацы культуры. Другая – праз два дні.
– Як я сябе магу адчуваць? Пры двух аншлагах, бітком набітых залах? – дзеліцца ўражаннямі Рыгор Сарока, галоўны дырыжор сімфанічнага аркестра Маладзечанскага музычнага каледжа імя Агінскага, мастацкі кіраўнік праекта пастаноўкі оперы. – Хто яшчэ можа ў Маладзечне запоўніць дзве залы?
У пастаноўцы браў удзел Маладзечанскі моладзевы музычны народны тэатр. Дарэчы, яго заснавалі яшчэ ў 2007 годзе пры каледжы. Кампазітар – Алег Залётнеў.
– Сёння ў нашым горадзе папса можа сабраць 200, 300 чалавек, але каб аншлаг? Гэта вялікі поспех, – лічыць спадар Рыгор. – І я шчаслівы. Шчаслівы, што падняў такую глыбу, што зрабіў горад оперным. На прэм’еру запрасілі шмат гасцей: і з вобласці, і з Літвы. Прыехала сем дырыжораў з усёй Беларусі, шмат музыкаў і творчых людзей.
Старшыня Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Яхнавец быў ажно на дзвюх прэм’ерах.
Частку касцюмаў для артыстаў шылі на грошы гранту, які праект атрымаў ад вобласці. Атрымалася пашыць касцюмы ўсім салістам. Яшчэ частку бралі з оперы “Яўген Анегін”, дзеянні ў якой таксама адбываюцца ў 18 стагоддзі. Для гэтай оперы яшчэ раней пашылі 250 касцюмаў.
Пад заказ у Мінску рабілі і банер з краявідамі Залесся тых часоў. Таксама мэблю і іншыя сцэнічныя атрыбуты.
– Цяпер нам прапануюць увогуле зрабіць тэлевізійную версію, – кажа спадар Рыгор. – Думаем і аб яе канцэртным выкананні, каб можна было з ёй выехаць за мяжу. Ужо зацікавілася операй Гродзеншчына, прапануюць нам выступіць на іх сцэне.
На думку Рыгора Сарокі, опера ў нашым горадзе – добрая падстава зрабіць яго культурнай сталіцай вобласці ў наступным годзе:
– Опера прагучала паўсюль. Дзякуючы ёй расце і аўтарытэт горада.
Дзяўчаты змагаліся за сукенкі
Перад операй быў гарачы час: рэпетыцыі, якія доўжыліся ледзь не цэлы дзень з перапынкам на абед, стварэнне вобразаў.
Сукенкі дзяўчатам хору дасталіся розныя: каму бальныя з пышным нізам, каму не пышныя і больш простыя. Кожная ж хацела выглядаць як мага лепш і імкнулася “адваяваць” сабе самую прыгожую.
Шмат часу пайшло і на прычоскі ды макіяж, без якіх не створыш вобраз дамы 18 стагоддзя. Пасля прэм’ер некаторым давялося доўга расчэсваць шалёныя начосы.
І хоць дзяўчатам давялося не соладка, ім было для каго старацца.
Настасся РОЎДА.
http://www.rh.by/by/258/20/8091/