Вяртанне Агінскага
13.09.2015 03:00

25 верасня спаўняецца 250 гадоў з дня нараджэння кампазітара, дыпламата, палітычнага дзеяча Міхала Клеафаса Агінскага, чый лёс непарыўна звязаны са Смаргоншчынай. Тры пытанні «Звязды» — да намесніка старшыні Смаргонскага райвыканкама Генадзя БЫЧКО.
— Нядаўна адноўлены сядзібны дом Агінскіх у Залессі. Што робіцца па выкарыстанні яго культурнага і турыстычнага патэнцыялу?
— Рашэннем Смаргонскага раённага выканаўчага камітэта мы стварылі дзяржаўную гісторыка-культурную ўстанову «Музей-сядзіба М.К. Агінскага», а пад навуковым кіраўніцтвам дырэктара Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі Зінаіды Кучар распрацавалі канцэпцыю музеефікацыі сядзібы. Але ўжо і цяпер, не маючы пакуль пастаяннай экспазіцыі, у Залессі актыўна працуюць па папулярызацыі сядзібы Агінскіх — ладзяць экскурсіі, розныя цікавыя імпрэзы. Сёлета сядзібу наведалі ўжо каля 6 тысяч турыстаў, якія азнаёміліся з памяшканнямі палаца, гістарычным паркам, выставамі. У прыватнасці, шматлікіх наведвальнікаў зацікавіла выстава «Паланэзы на вяртанне» (дакументы і гравюры з гісторыі роду Агінскіх), якую прадаставіў Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі. А ў тэатральна-музычнай зале сядзібы, як і пры Агінскіх, праходзяць канцэрты і творчыя сустрэчы. У гэтым юбілейным для нашага знакамітага земляка годзе жыхары і госці Залесся змаглі азнаёміцца з музычнай спадчынай сям’і Агінскіх, іншымі старадаўнімі творамі музыкі ў выкананні артыстаў Мінскай і Гродзенскай філармоній, музычнага каледжа імя Глінкі, народных калектываў Смаргонскай дзіцячай школы мастацтваў імя М.К. Агінскага. У сядзібе ўпершыню прайшлі дабрачынны баль, акцыя «Ноч музеяў», а таксама конкурс-пленэр навучэнцаў школ мастацтваў. Музейшчыкі з Залесся абмеркавалі з беларускімі тураператарамі тэму ўключэння сядзібы ў турыстычныя маршруты.
— Ці плануюцца праекты па аднаўленні іншых аб’ектаў гістарычнай спадчыны ў Залессі?
— Для аднаўлення сядзібных аб’ектаў (млын, альтанка Амеліі, гаспадарчая пабудова) неабходна карэкціроўка праектна-каштарыснай дакументацыі, якая ў свой час была зроблена, аднак пакуль не рэалізавана. Рэстаўрацыі патрабуе і гістарычны парк з воднымі аб’ектамі, які займае плошчу ў 25 гектараў. На жаль, у парку не захавалася рамантычная кітайская альтанка, але мы яе збіраемся аднавіць па інвентарных апісаннях. Гэтае пытанне цяпер у падрыхтоўчай стадыі. Спадзяёмся, што частку работ па аднаўленні гістарычных аб’ектаў у Залессі здолеем ажыццявіць у рамках трансгранічных праектаў, як гэта ўдалося зрабіць з канцэртнай залай сядзібнага палаца дзякуючы супрацоўніцтву з літоўскімі партнёрамі.
— Якія імпрэзы рыхтуюць смаргонцы да юбілею Міхала Клеафаса Агінскага?
— Урачыстасці адбудуцца ў Залессі 25-26 верасня. Для мясцовых жыхароў і гасцей, у прыватнасці, наладзім свята «Вяртанне Паўночных Афін» з удзелам Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра пад кіраваннем Міхаіла Фінберга, адкрыем пастаянную экспазіцыю музея-сядзібы М.К. Агінскага, напярэдні правядзём міжнародную навукова-практычную канферэнцыю, прысвечаную яго спадчыне ў культуры трох народаў. Дагэтуль, у жніўні, адбудзецца ўжо традыцыйны фестываль «Залессе запрашае сяброў». А ў лістападзе сядзіба сустрэне ўдзельнікаў XІ Міжнароднага конкурсу камерных ансамбляў імя М.К. Агінскага. Бібліятэкі раёна праводзяць краязнаўчыя і літаратурна-музычныя імпрэзы. І, зразумела, распрацоўваецца і вырабляецца сувенірная прадукцыя.
Барыс ПРАКОПЧЫК
Этот e-mail адрес защищен от спам-ботов, для его просмотра у Вас должен быть включен Javascript
http://zviazda.by/2015/06/88392.html