“Матэрыял для выставы збіраў пяць год”. У Вілейцы паказваюць фотапраект, прысвечаны Міхалу Клеафасу Агінскаму
23.08.2015 03:00

Прымеркаваны ён да 250-годдзя з дня нараджэння знакамітага кампазітара і палітычнага дзеяча.
Пазнаёміцца з праектам можна ў выставачнай зале імя Сілівановіча. Тут 7 жніўня адкрылася фотавыстава Міхаіла Крыжаноўскага “Эпоха Агінскага: аднаўленне памяці”.
На ёй выстаўлена каля 60 прац. Ёсць як рэпартажнае, так і партрэтнае фота. А таксама інсталяцыі, у якіх з’яднаны жывапіс і камп’ютарная графіка. На адкрыцці выставы ў Вілейцы. Фота забяспечана Міхаілам Крыжаноўскім.
На выставе паказаныя помнікі гісторыка-культурнай спадчыны Агінскіх: ансамбль былога маёнтка Агінскіх пачатку 19 стагоддзя ў Залессі, рэшткі маёнтка Ганута ў вёсцы Ручыца на Вілейшчыне. Ёсць працы, прысвечаныя мясцінам Агінскіх на тэрыторыі суседняй Літвы. Побач – прыгожыя краявіды і партрэты сучаснікаў, якія займаюцца адраджэннем культурнай спадчыны роду Агінскіх. “Хачу, каб больш людзей даведалася пра асобу Агінскага”
Міхаіл Крыжаноўскі жыве ў Мінску, ён удзельнік міжнародных і гарадскіх фотавыстаў і конкурсаў, дабрачынных праектаў.
– Мне Міхал Клеафас Агінскі цікавы тым, што ён у адной асобе  і дыпламат, і мецэнат, і музыкант. Я сам з мастацтвам звязаны, і вельмі зацікавіла, што такі чалавек жыў, напісаў шмат твораў. Адзін з іх – знакаміты паланэз “Развітанне з Радзімай”, дзякуючы якому больш за 200 год людзі цікавяцца творчасцю Агінскага. Вывучаў, чым ён займаўся, дзе жыў, яго сям’ю.
Міхаіл удзельнічаў у мерапрыемствах фондаў “Паўночныя Афіны” са Смаргоншчыны, “Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага” (Маладзечна). Фатаграфаваў розныя імпрэзы. А калі здымкі пачалі назапашвацца, падумаў: “А чаму б не арганізаваць фотавыставу?”.
Матэрыял для яе збіраўся пяць год. Падтрымаў ідэю намеснік старшыні Беларускага фонду культуры Тадэвуш Стружэцкі. Выстава адбываецца ў межах культурнага праекта “Ад Залесся да Парыжа”, які рэалізуе Беларускі фонд культуры сумесна з Беларускай дзяржаўнай філармоніяй.
Да Вілейкі выставу паказвалі ў Залессі, Мінску. Плануюць паказаць у іншых беларускіх гарадах, Літве, Польшчы, а таксама ў месцах, дзе жыў і тварыў Міхал Клеафас Агінскі і яго сваякі.
– Для мяне выстава – гэта такая прыемная магчымасць падзяліцца сваімі думкамі, паказаць, што змог зрабіць. Проста хачу, каб больш людзей даведалася пра асобу Агінскага, яго творчасць і сям’ю.
Фотапраект пастаянна папаўняецца. Так, з’явіліся выявы рэшткаў маёнтка Ганута і незвычайнай музычнай лавы, якую на днях устанавілі ў Верхнім горадзе ў Мінску.
Працягнецца выстава да 28 жніўня.
Сайт грамадскай культурнай кампаніі “Будзьма беларусамі!”. http://budzma.by/