Галерея
Поиск по сайту...
Вход на сайт
Сейчас на сайте
Сейчас 18 гостей онлайнВяртанне Бога ў Аборак |
23.08.2015 03:00 | |||
Вывучаючы спадчыну кампазітара М.К. Агінскага, сябры фонду пачалі даследаваць гісторыю яго асабістага сакратара Леанарда Ходзькі і звярнулі ўвагу на невялічкую вёску Аборак, дзе ён нарадзіўся. Аднаўленне стала рэальным дзякуючы дзейнасці многіх людзей і арганізацыяў, але пачалося ўсё з трох асобаў: краязнаўцы і нястомнага даследчыка культуры і гісторыі Маладзечаншчыны Валерыя Бурэня, прадпрымальніка Уладзіміра Сівухі і заслужанага дзеяча культуры Беларусі, дырэктара Маладзечанскага музычнага вучылішча імя М.К. Агінскага Рыгора Сарокі.Касцёл быў узведзены ў 1443 годзе. Як паведамляе В. Бурэнь, у XVIII стагоддзі ў Аборку знаходзіўся цэнтр вялікага маёнтка, што належаў роду Агінскіх. Дарэчы, вядомы на ўсю акругу касцёл Святога Роха ў Аборку ў 1773 годзе адбудаваў менавіта Францішак Ксаверый Агінскі, у якога ў 1793 годзе і набыў маёнтак Казімір Дэдэрка, дзед Леанарда Ходзькі. Свой род Ходзькі вядуць з часоў вялікага князя літоўскага Віценя. Як гаворыць легенда, у час бітвы з крыжакамі адзін з ваяроў выратаваў вялікага князя, пасадзіў яго на плечы і хуткай хадой вынес з поля бою. За гэта князь даў яму прозвішча Ходзька. Род Ходзькаў мае шмат выдатных прадстаўнікоў: Андрэй удзельнічаў у Грунвальдскай бітве; Рыгор прымаў у сваім маёнтку ў Заблудаве Івана Фёдарава і Пятра Мсціслаўца, якія ўцяклі з Масквы і выдалі дзякуючы гэтаму ўсім вядомыя «Евангелле вучыцельнае» і «Часаслоў»; Ігнацый знайшоў славу доктара філасофіі і тэалогіі; Ян атрымаў пасаду прэзідэнта Мінскага земскага трыбунала; Юзаф – генерал-лейтэнант рускай арміі – быў цудоўным геадэзістам і тапографам; Аляксандр вывучаў усходнія і славянскія мовы, пісаў вершы. Але самым знакамітым прадстаўніком роду Ходзькаў быў Леанард, які нарадзіўся ў 1800 годзе. У 19-гадовым узросце ён становіцца сакратаром Міхала Клеафаса Агінскага, даводзіць да ладу яго архіў. У Парыжы ў 1826 годзе выдае мемуары кампазітара на французскай мове, а таксама двухтомнік вершаў Адама Міцкевіча на польскай мове, «Гісторыю польскіх легіёнаў», «Біяграфічныя нататкі з жыцця Тадэвуша Касцюшкі». Таксама стварае геаграфічныя карты Расіі, Польшчы, Прыбалтыкі, Беларусі, збірае 125 тамоў дакументаў па гісторыі Польшчы, Беларусі і Украіны. І менавіта беларуская зямля – вёска Аборак – дала свету такога слыннага дзеяча. Аднак тая невялічкая тэрыторыя, на якой знаходзіўся касцёл, абрасла бур’янам, а вяскоўцы зрабілі з яе сметнік. Фамільны склеп разрабаваны. Фонд не мог гэта абысці бокам і на працягу некалькіх месяцаў пры падтрымцы шэрагу прадпрыемстваў і арганізацыяў раёна аднавіў браму, поўнасцю ачысціў тэрыторыю і сам склеп-пахавальню ад смецця, расчысціў кожную надмагільную пліту, аднавіў крыж і памятны знак, на якім быў ўмацаваны анёл – атрыбут Святога Роха. Дарэчы, культ Святога Роха распаўсюдзіўся ў ХV стагоддзі ў многіх краінах як апекуна пры заразных хваробах. У славянскай традыцыі Святога Роха шанавалі найперш як апекуна жывёлы, а таксама падарожнікаў, аптэкараў, урачоў, агароднікаў, шпіталяў, вязняў. Адзначым, што ў касцёле часта бываў контр-адмірал рускага флоту Іван Канаржэўскі, які лічыў Святога Роха заступнікам суднаходства. Сам афіцэр загадаў пахаваць сябе разам са сваімі сынамі на касцельных могілках, што і было зроблена. Усяго ў гонар Святога Роха ва ўсім свеце пабудавана каля трох тысячаў касцёлаў. У некаторых з іх праводзяцца набажэнствы, іншыя ляжаць у руінах. А рэшткі касцёла ў Аборку, спадзяемся, будуць цікавіць турыстаў і жыхароў як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны – вельмі багатай і глыбокай. Толькі трэба гэты моцны пласт падняць і дасканала вывучыць. Пад час працы фондаўцаў у Аборку адна мясцовая бабуля, праходзячы побач, ціха сказала: «Адчуваю, у Аборак Бог вярнуўся!».
|