Галерея
Поиск по сайту...
Вход на сайт
Сейчас на сайте
Сейчас 17 гостей онлайнЛеанард Ходзька -- «наш чалавек у Парыжы» |
28.05.2015 03:00 | ||||||||||||
Карані слаўнага роду Свой род Ходзькі вядуць з часоў вялікага князя літоўскага Віценя. Як гаворыць легенда, у час бітвы з крыжакамі адзін з ваяроў выратаваў вялікага князя, пасадзіў яго на плечы і хуткай хадой вынес з поля бою. За гэта князь даў яму прозвішча Ходзька. Сярод шматлікіх нашчадкаў гэтага роду трэба адзначыць Андрэя Ходзьку (1360-1435), які ўдзельнічаў амаль у ва ўсіх значных бітвах, якія прыпалі на часы княжэння Вітаўта і Свідрыгайлы (у тым ліку ў крывавай сечы на Ворскле і слаўнай Грунвальдскай бітве). А загінуў ён у Вількамірскай бітве, калі быў разбіты вялікі князь Свідрыгайла, якому Андрэй аддана служыў. А вось пляменнік Андрэя -- Ян – у час грамадзянскай вайны далучыўся да партыі саперніка Свідрыгайлы – Жыгімонта Кейстутавіча і польскага караля Ягайлы. Ён нават змяніў прозвішча на Хадкевіч. Такім чынам, род Ходзькаў падзяліўся на дзве асобныя галіны. Пры гэтым шляхі абодвух нярэдка перасякаліся. Так, і Адам Павел Ходзька (каля 1560-1620), і Ян Караль Хадкевіч, гетман войскаў Рэчы Паспалітай, адыгралі важную ролю ў знакамітай Кірхгольмскай бітве 27 верасня 1605 года, дзе 3700 ваяроў Рэчы Паспалітай ушчэнт разбілі 17-тысячнае войска шведаў (па іншых крыніцах суадносіны бакоў былі: 4300 супраць 11000). Праславіліся Хадкевічы не толькі на полі бітвы, але і ў галіне культуры і асветы. Так Рыгор Хадкевіч (?-1572) прыняў у сваім маёнтку ў Заблудаве Івана Фёдарава і Пятра Мсціслаўца, якія ўцяклі з Масковіі. Тут яны выдалі «Евангелле вучыцельнае» і «Часаслоў». На парадку дня – асветніцтва Прайшлі часы высакародных рыцараў, наступала новая эпоха – час Асветніцтва. Але і тут не згубіліся прадстаўнікі слыннага роду. У 18 стагоддзі мы можам адзначыць Ігнацыя Ходзьку (1720-1792) – доктара філасофіі і тэалогіі, рэктара іезуіцкіх калегіюмаў у Навагрудку і Жодзішках, каноніка смаленскага і літаратара. Ён аўтар дзвюх трагедый для тэатра і перакладу «Баек» Федра на польскую і французскую мовы (Вільня, 1774 год). І вось мы набліжаемся да галоўнага героя нашых нататак – Леанарда Ходзькі. Справа ў тым, што каштоўная бібліятэка доктара Ігнацыя па спадчыне перайшла да Яна Ходзькі , вядомага як «Пан Ян са Свіслачы». Менавіта Ян Ходзька (1777-1851 гады) не толькі выхаваў шасцярых сыноў, якія праславілі свой род ад Персіі да Францыі, але і прыняў актыўны ўдзел у лёсе сваіх пляменнікаў, адным з якіх быў Леанард Ходзька (1800-1871 гады).
Надмагільны помнік Леанарда Ходзькі ў горадзе Пуацье. Ян Ходзька прайшоў усе прыступкі кар’еры юрыста – ад асэсара суда да прэзідэнта Мінскага земскага трыбуналу. Яго кватэра ў Мінску стала асяродкам культуры. Ён арганізоўваў канцэрты, пастаноўкі, дзе сам выступаў як аўтар, рэжысёр і акцёр. Ян Ходзька вітаў прыход напалеонаўскіх войскаў, бо верыў, што Напалеон адновіць дзяржаўнасць ВКЛ у межах Рэчы Паспалітай. Ён адгукнуўся на падзеі камедыяй «Вызваленая Літва або пераход Нёмана», якая мела немалы поспех. Пасля выгнання Напалеона Ян вымушаны быў некаторы час хавацца ад пераследу. Вось па такой сінусоідзе і ляцела яго жыццё – то ён раз'язджае ў карэце, запрэжанай шасцерыком коней, у суправаджэнні шматлікіх лакеяў (у гэты час Ян Ходзька кіруе камісіяй па ўпарадкаванні спадчыны Радзівілаў), то сядзіць у Петрапаўлаўскай крэпасці за ўдзел у нелегальным патрыятычным таварыстве; то яго аповесць «Пан Ян са Свіслачы» прыносіць аўтару шумны поспех і выбранне ганаровым сябрам Віленскага ўніверсітэта, то пасля ўдзелу ў паўстанні 1830-31 гадоў яго маёнткі разрабаваны, а сам ён вымушаны пераязджаць з месца на месца. Дарэчы, вышэйзгаданая аповесць – сапраўдная энцыклапедыя жыцця нашага краю, да таго ж яшчэ і зборнік парад па вядзенні хатняй гаспадаркі. Нездарма школьны камітэт Віленскай акругі рэкамендаваў яе ў якасці лемантара (буквара) для вясковых школ. Кніга была ва ўсіх школах Літвы і Беларусі, шэсць разоў перавыдавалася на польскай і літоўскай мовах. Ад сучаснікаў Ян Ходзька атрымаў ёмкую характарыстыку: «Гэта – шляхціц!».
Ян Ходзька выхаваў не толькі шасцярых выдатных сыноў, але і прыняў непасрэдны ўдзел у лёсе сваіх пляменнікаў, адным з якіх быў Леанард Ходзька. Сярод сыноў Яна найбольш вядомыя Юзаф (1800-1881) і Аляксандр (1804-1891). Першы стаў вядомым геадэзістам і тапографам, генерал-лейтэнантам рускай арміі. Яшчэ ў маладыя гады ён зрабіў важкі ўнёсак у трыангуляцыйныя вымярэнні на тэрыторыі Балтыі і Беларусі. Пункты гэтых вымярэнняў увайшлі ў спіс сусветнай культурнай спадчыны пад назвай «Дуга Струвэ». У сталым узросце Юзаф першым даследаваў высакагорную частку Закаўказзя, у тым ліку гару Вялікі Арарат і іншыя вяршыні, за што быў узнагароджаны залатым медалём Рускага геаграфічнага таварыства. Аляксандр праславіўся як паэт і даследчык усходніх і славянскіх моў. Менавіта ён 16-гадовым юнаком узрушаны прыгажосцю сядзібы М.-К. Агінскага за некалькі гадзін (!) склаў паэму «Залессе». У Віленскім універсітэце ён пазнаёміўся і пасябраваў з Адамам Міцкевічам. Пасля ўніверсітэта А. Ходзька скончыў школу ўсходніх моў пры міністэрстве замежных спраў і працаваў у расійскім пасольстве ў Персіі. Адначасова ён збіраў мясцовы фальклор, рабіў пераклады цюркскай і персіцкай паэзіі, выдаў граматыку персідскай і турэцкай моў – усяго і не пералічыць. Пасля заканчэння дыпламатычнай службы пераехаў у Парыж. У 1857 годзе атрымаў «у спадчыну» ад Адама Міцкевіча пасаду загадчыка кафедры славянскіх моў і літаратур ва ўніверсітэце Калеж дэ Франс. Некаторыя з яго кніг пра Персію пераклала на французскую мову Жорж Санд. З пляменнікаў «Пана Яна» трэба адзначыць Ігнацыя Ходзьку (1794-1861), вядомага пісьменніка, які лічыўся класікам польскай літаратуры і Леанарда Ходзьку (1800-1871). Малая радзіма -- Аборак Нарадзіўся Леанард у вёсцы Аборак. Напрыканцы 18 стагоддзя тут знаходзіўся цэнтр вялікага маёнтка, што належаў роду Агінскіх. Дарэчы, вядомы на ўсю акругу касцёл Св. Роха ў Аборку ў 1773 годзе адбудаваў менавіта Францішак Ксаверый Агінскі. Вось у яго ў 1793 годзе і набыў маёнтак, які тады называўся «Груздава-Аборак» Казімір Дэдэрка, дзед Леанарда Ходзькі. Род Дэдэркаў, як і Ходзькаў, не вызначаўся знатнасцю і багаццем. Аднак, першым біскупам Мінскай дыяцэзіі (каталіцкай акругі), утворанай пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, стаў Якуб Дэдэрка.Ён шмат зрабіў для аднаўлення пасля пажару Мінскага кафедральнага касцёла. І менавіта нашчадкам роду Дэдэркаў па жаночай лініі (ці, як казалі нашы продкі, «па кудзелі») быў асабісты сакратар і памочнік Міхала Клеафаса Агінскага.
Копія пасведчання аб смерці Леанарда Ходзькі. Разгадку, на маю думку, трэба шукаць у асобе і акалічнасцях жыцця самога Людвіга. Можна адзначыць такія рысы яго характару як мужнасць і рашучасць. Выбраны паслом на Гродзенскі сейм у 1793 годзе ён быў адным з нямногіх, хто адкрыта выступіў супраць падзелаў Рэчы Паспалітай. У сваёй прамове ён рэзка выказаўся асабіста ў адрас прускага караля, які спачатку абяцаў дапамогу Рэчы Паспалітай супраць Расіі і Аўстрыі, а потым далучыўся да гэтых драпежнікаў. «Калі нам абавязкова трэба задаволіць ненажэрную прагнасць караля Прусіі, дык што ж! Аддадзім яму гэту польскую зямлю, якой ён так моцна жадае. Але аддадзім яму ўсяго толькі шэсць футаў, то бок столькі, колькі хопіць для яго магілы…» – такімі словамі завяршыў Людвіг Ходзька прамову на сойме. Словы свае ён мацаваў справай, -- змагаўся ў шэрагах паўстанцаў у 1794 годзе пад камандаваннем Якуба Ясінскага, г.зн. дзесьці на беларускіх землях. У паўстанцкім войску Людвіг меў званне маёра, быў паранены, узяты ў палон, абменены на важнага рускага афіцэра. А далей, магчыма, маёнтак (ці маёнткі ) Людвіга Ходзькі пасля паразы паўстання быў канфіскаваны. Але ж у 1797 годзе ён набывае маёнтак Равутку на Вілейшчыне (тады -- Завілейскі павет). Чаму Валерыя не пераязджае ў маёнтак мужа? Усіх дзяцей яна нараджае ў Аборку. Трэба меркаваць, што і Людвіг таксама жыў тут. Аднак вядома, што ён быў выбраны маршалкам шляхты Завілейскага павета, гэта значыць карыстаўся павагай і па месцы «рэгістрацыі». Скупыя звесткі пра яго энцыклапедыя «Лярус» заканчвае сказам: «Пасля… служыў на грамадзянскай службе». Дзе памёр Людвіг Ходзька мы не ведаем. Сакратар Агінскага Лёс Леанарда чымсьці падобны на лёс бацькі. Праз год пасля пачатку вучобы ён звальняецца са школы пры Барунскім уніяцкім манастыры і пераезд у Маладзечна (негледзячы на тое, што ў Барунах былі вопытныя дасведчаныя выкладчыкі і выпрабаваная дзесяцігоддзямі праграма навучання). Справа, магчыма, у тым, што ў 1811 годзе намаганнямі Францішка Ксаверыя Агінскага ў наш горад было пераведзена з Бабруйска шляхецкае вучылішча і ў матэр’яльным плане вучыцца бліжэй да дому было лягчэй. Дарэчы, менавіта ў шляхецкім вучылішчы Леанард Ходзька знаёміцца з Томашам Занам, будучым лідэрам філаматаў і філарэтаў. Але як патлумачыць, што паступіўшы пасля заканчэння шляхецкага вучылішча ў Віленскі ўніверсітэт, Леанард праз два гады кідае яго? І вось у 1819 годзе Міхал Клеафас Агінскі бярэ ў сакратары 19-гадовага недавучанага студэнта, хаця многія больш вопытныя і адукаваныя людзі палічылі б за гонар працаваць у князя Агінскага. Напэўна без пратэкцыі дзядзькі, Яна Ходзькі, тут не абышлося. А дзе быў у гэты час Людвік Ходзька?... Праца з М.-К. Агінскім многаму навучыла Леанарда. Ён атрымаў заданне давесці да ладу архіў кампазітара. Напэўна, сам Агінскі і паказаў Ходзьку, як трэба працаваць з дакументамі. Пазней сучаснікі адзначалі, што стыль працы Ходзькі (скрупулёзная падрыхтоўка матэр’ялаў, шматразовае капіраванне найбольш каштоўных дакументаў,…) вельмі нагадваў стыль самога Міхала Клеафаса. Леанард Ходзька зрабіў вялікі ўклад ў падрыхтоўку да друку і выданне мемуараў аўтара паланеза «Развітанне з Радзімай». Удзячны мы яму і за малюнак (дакладней, літаграфію) Залесся, зроблены якраз перад ад’ездам патрона і яго памочніка з роднага краю. Але ж і сурова крытыкаваў Міхал Клеафас свайго сакратара за недакладнасці, за залішнюю эмацыянальнасць у яго гістарычных працах. «Гісторык нават у меркаваннях аб гнусным рабаўніцтве павінен захоўваць спакой», - пісаў Агінскі Ходзьку. Аднак, мы забеглі крыху наперад. Пакуль жа, у 1822 годзе пасля жорсткай расправы над таварыствамі філаматаў і філарэтаў (ды і па шэрагу іншых прычын) Агінскі ў суправаджэнні Ходзькі едзе ў Еўропу. Некаторы час Леанард працягвае выконваць абавязкі сакратара, але не пазней за 1826 год іх шляхі разыходзяцца. Агінскі застаецца ў Фларэнцыі, а Ходзька пераязджае ў Парыж, дзе ў 1826 годзе выдае «Мемуары…» Міхала Клеафаса на французскай мове. Менавіта ў Францыі талент Леанарда раскрыўся на ўсю моц. Зробленае ім у парыжскі перыяд жыцця ўражвае. Пра літаратурную і выдавецкую дзейнасць Ходзькі многа сказана ў розных артыкулах і нарысах (сярод аўтараў трэба адзначыць нястомную даследчыцу з Залесся Таццяну Кляшчонак). Таму пазначым толькі найбольш, на маю думку, цікавыя працы. Акрамя мемуараў М.-К. Агінскага Ходзька выдае двухтомнік вершаў Адама Міцкевіча (першую кніга на польскай мове, надрукаваную ў Францыі (1828 год)), «Гісторыю польскіх легіёнаў…» (1829 год), «Генеалогію князёў Агінскіх з Казельска» (1852 год), «Палітычную гісторыю Літвы ад часу яе аб’яднання з Польшчай у 1386 годзе да паўстання 1831 годзе» (1831 год), «Біяграфічныя нататкі з жыцця Тадэвуша Касцюшкі» (1837 год). Трэба адзначыць і славуты альманах «La Pologne historique, litteraire, monumentale, pittoresque et illustree» (1835-1845 гады), які быў вядомы па ўсей Еўропе. Спіс выдадзеных кніг, атласаў і геаграфічных карт, у тым ліку і самім Л. Ходзькам напісаных і складзеных, можна прадоўжыць... А яшчэ было збіральніцтва архіва. Усё што пісалася і друкавалася палякамі ў Францыі і французамі пра Польшчу паходзіла праз рукі Леанарда. Сабраць 125 тамоў дакументаў па гісторыі Рэчы Паспалітай, капіруючы матэр’ялы, якія нельга было атрымаць у арыгінале, сістэматызаваць іх – і ў наш час няпростая задача. А ў 19 стагоддзі кожную літару трэба было напісаць пяром, ды акуратна – каб патомкі маглі прачытаць. І гэта толькі матэр’ялы па гісторыі! А яшчэ ж была геаграфія, статыстыка і іншае. Менавіта архіў Леанарда Ходзькі стаў ядром музея польскага ў Раперсвілі (Швейцарыя). Між тым Леанард не быў адарваным ад жыцця «кніжнікам». Нават у Францыі ён змагаўся за свабоду і дэмакратыю. У час рэвалюцыі 1830 года Ходзька быў ад’ютантам генерала Лафайета, ваяваў на барыкадах, быў паранены, атрымаў ордэн «Ліпеньскі крыж». Менавіта рана перашкодзіла яму вярнуцца на Радзіму каб прыняць удзел у паўстанні 1830-31 гадоў.
Апошнія матэр’ялы, знойдзеныя з дапамогай супрацоўнікаў Нацыянальнай бібліятэкі, раскрываюць новыя бакі дзейнасці Л. Ходзькі. Менавіта ён зафіксаваў у пісьмовым выглядзе польскую нацыянальнасць Мікалая Каперніка, якога ў Еўропе лічылі немцам. Ходзька быў адным з ініцыятараў, каб на Трыўмфальнай арцы ў Парыжы былі пазначаны імёны не толькі французскіх палкаводцаў, але і выдатных генералаў і афіцэраў Польскіх легіёнаў, сярод якіх былі і нашы землякі. Валерый БУРЭНЬ,
|