У госці да Агінскага PDF Печать
03.09.2014 00:00

Нядаўна Маладзечна ўпершыню наведалі прадстаўнікі міжнароднай арганізацыі дзелавых людзей і прафесіяналаў «Ротары». Яны правялі выязное пасяджэнне, прысвечанае захаванню і папулярызацыі спадчыны Міхала Клеафаса Агінскага.
Члены ротары-клуба «Мінск» і іншых клубаў пабывалі на Маладзечанскім замчышчы, агледзелі будынак былога кляштара трынітарыяў на тэрыторыі станказавода. Экскурсію па Маладзечанскім музычным каледжы для іх правёў кіраўнік гэтай установы Рыгор Сямёнавіч Сарока. Затым бізнесмены накіраваліся ў Залессе, дзе падарылі мясцоваму музею ксеракопіі дзвюх карт Вялікага Княства Літоўскага. Гэтыя карты знаходзіліся ў кабінеце Агінскага, калі ён жыў у «Паўночных Афінах». Узначальваў дэлегацыю прэзідэнт клуба, старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і работадаўцаў У.М. Карагін. — Тэма выязнога пасяджэння, месца яго правядзення, а таксама маршрут паездкі былі выбраны невыпадкова, — сказаў Уладзімір Мікалаевіч. – У 2015-м увесь свет будзе адзначаць 250-годдзе з дня нараджэння аўтара паланэза «Развітанне з Радзімай». Не засталіся ўбаку ад святкавання гэтай даты і прадстаўнікі бізнесу.
Па словах У.М. Карагіна, у выязным пасяджэнні прымаюць удзел прадпрымальнікі, якія займаюцца банкаўскай, будаўнічай, турыстычнай і іншымі відамі дзейнасці. Усе яны ўплывовыя людзі, да іх меркаванняў прыслухоўваюцца ў дзелавым асяроддзі. Вынікам паездкі павінны стаць новыя праекты па ўвекавечанні і папулярызацыі спадчыны і роду Агінскіх у нашай краіне і за яе межамі.
Ротары-клуб «Мінск» сумесна з клубамі іншых краін паставіў медыцынскае абсталяванне і гуманітарную дапамогу для Пінскай раённай бальніцы, Рэспубліканскага дзіцячага гематалагічнага цэнтра і арганізацыі «Дзеці ў бядзе», Беларускага дзіцячага хоспіса, Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, дзіцячага санаторыя «Лясная паляна» Смаргонскага раёна, Валожынскага дома-інтэрната і іншых устаноў і арганізацый.
Першы ротары-клуб быў створаны ў Чыкага 23 лютага 1905 года юрыстам Полам Харысам і трыма яго сябрамі — гандляром, пастаўшчыком вугалю і інжынерам-шахцёрам. Цяпер у свеце дзейнічаюць больш за 35 тысяч такіх клубаў.
Алег БЯГАНСКІ. Фота АЎТАРА.
http://www.mgazeta.by/themy/2014-04-25-09-44-25/4606-2014-09-02-09-26-39