На дажынкі да Міхала PDF Печать
27.08.2014 00:00

Раніцай у суботу, 16 жніўня, у білетных касах чыгуначнага вакзала Маладзечна нязвыкла часта гучала слова «Залессе». Людзі ехалі ў гэты аграгарадок, каб прыняць удзел у традыцыйным фестывалі-кірмашы «Залессе запрашае сяброў». Сёлета адметнасцю свята было тое, што праводзілася яно ў фармаце дажынак.
— Як стала вядома з архіўных дакументаў, свята ўраджаю праходзіла ў Залессі і пры жыцці Міхала Клеафаса Агінскага, — расказала намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Смаргонскага райвыканкама Т.М. Ражава. – Яно прыпадала на сярэдзіну жніўня і збірала шмат гасцей з навакольных вёсак і маёнткаў. Дарэчы, 15 жніўня свае імяніны адзначала Марыя Нэры, другая жонка Агінскага.  Па словах Таццяны Мар’янаўны, фестываль у Залессі з кожным годам становіцца ўсё больш папулярным. Дзякуючы яму жыхары і госці раёна знаёмяцца з гісторыяй і традыцыямі роднага краю. Прыязджае на свята многа айчынных і замежных турыстаў.  
І сапраўды, ля палаца Агінскага сабраліся шматлікія прыхільнікі творчасці аўтара паланэза «Развітанне з Радзімай». Яны асабіста пераканаліся, што ў ходзе рэстаўрацыі палац набывае тое аблічча, якое ён меў пры жыцці славутага ўладальніка. Адноўлены фасад будынка, узведзена аранжарэя, адрамантаваны некаторыя ўнутраныя пакоі. У адрэстаўраванай канцэртнай зале цяпер рэгулярна выступаюць выканаўцы класічнай музыкі. Вядома, работы наперадзе яшчэ шмат. Трэба добраўпарадкаваць парк, завяршыць рамонт памяшканняў, стварыць адпаведны інтэр’ер...
Дарэчы, паслухалі творы былога гаспадара маёнтка і госці фестывалю. Прыхільнікі народнага мастацтва таксама не былі расчараваныя. Святочную атмасферу для іх стваралі творчыя калектывы са Смаргонскага, Ашмянскага раёнаў і з Мінска. Прыехалі ў Залессе і прадстаўнікі Цэнтра беларускай культуры з латвійскага горада Даўгаўпілса. Ролі князя Міхала Клеафаса Агінскага і яго жонкі Марыі выконвалі мясцовыя артысты.
Акрамя таго, у рамках фестывалю ў Залессі прайшоў раённы конкурс маладых сем’яў «Уладар сяла», а таксама конкурсы на лепшы падворак і лепшую фларыстычную кампазіцыю са жнівеньскіх кветак.
— Вельмі прыемна, што ў Беларусі захоўваецца спадчына славутага кампазітара, паўстанца і грамадскага дзеяча, — адзначыў удзельнік беларускага народнага этнаграфічнага калектыву з Даўгаўпілса Павел Прозар, які нарадзіўся і ўсё дзяцінства правёў на Віцебшчыне, закончыў Рыжскую кансерваторыю, пабываў з гастролямі ў многіх еўрапейскіх краінах. — З такой жа павагай ставяцца да аўтара паланэза «Развітанне з Радзімай» і ў Латвіі. Увогуле, асоба Агінскага збліжае і натхняе на супрацоўніцтва розныя народы. Пабываць у месцах, дзе жыў і ствараў Міхал Клеафас, — вялікая радасць.
Паўлу Прозару і кіраўніку Цэнтра беларускай культуры пры Даўгаўпілскай гарадской думе Жанне Раманоўскай аўтар гэтых радкоў расказаў, што робіцца для захавання спадчыны славутага кампазітара ў Маладзечне. Яны даведаліся, што ў нашым горадзе рыхтуе выдатныя кадры музычны каледж імя М.-К. Агінскага, пастаўлена на беларускай мове опера «Міхал Клеафас Агінскі. Невядомы партрэт», дзейнічае дабрачынны фонд імя славутага кампазітара. Прадстаўнікі беларускай суполкі абяцалі прыехаць у Маладзечна да сваіх калег і аднадумцаў, калі для гэтага будзе адпаведная нагода.
Алег БЯГАНСКІ. Фота  АЎТАРА.
«Маладзечанская газета», http://www.mgazeta.by/themy/2014-05-05-08-15-24/4594-2014-08-27-05-26-46