Палац Агінскіх у Смаргонскім раёне адкрыюць пасля рэстаўрацыі ў канцы верасня PDF Печать
27.08.2014 00:00

27 жніўня, Гродна /Алена Стасюкевіч - БЕЛТА/. Палац Агінскіх у Залессі Смаргонскага раёна адкрыюць пасля рэстаўрацыі ў канцы верасня, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Смаргонскага райвыканкама Генадзь Бычко.
Сучасны этап рэстаўрацыі сядзібы князёў Агінскіх XIX стагоддзя ў Залессі ў Смаргонскім раёне пачаўся ў 2011 годзе. Будаўнічыя работы ўжо завяршаюцца, а ў канцы верасня іх заканчэнне адзначаць урачыстым мерапрыемствам.
Праведзены ўсе неабходныя работы, пачынаючы з інжынерных сетак і наладкі ацяплення, сістэмы вентыляцыі. Зманціраваны новы дах, заменены вокны і дзверы. Выкананы комплексны рамонт і па аднаўленні памяшканняў, лесвіц, фасадаў будынка. Завяршаецца ўкладка падлогі.
Паводле слоў субяседніка, маёнтак будзе максімальна набліжаным да выгляду, які ён меў у часы свайго вядомага ўладальніка Міхала Клеафаса Агінскага. Пры распрацоўцы праекта былі праведзены гістарычныя, архіўныя і бібліяграфічныя даследаванні, каб максімальна аднавіць страчаны выгляд сядзібы. Для даследчыкаў і праекціроўшчыкў вялікай падмогай былі апісанні знешняга выгляду палаца і ўнутранага ўбрання памяшканняў, успаміны сучаснікаў, а таксама гравюра мастака Напалеона Орды. У будучым палац Залессе прызначаны вярнуць частку былой славы і стаць шматфункцыянальным турыстычным і культурным комплексам. Таму з улікам ранейшага выгляду ў час рэстаўрацыі ў ім выдзелена і некалькі функцыянальных зон для наведвальнікаў - музейная зона, аранжарэі, гасцявыя пакоі для турыстаў, памяшканні для персаналу і музычна-тэатральная зала.
Пасля завяршэння будаўнічых работ трэба будзе ўпрыгожыць інтэр'ер адпаведнай мэбляй. У наступным годзе плануецца рэканструяваць і садова-паркавы комплекс, рэстаўрыраваць гаспадарчыя пабудовы.
Усе работы па рэстаўрацыі комплексу плануецца канчаткова завяршыць да святкавання 250-годдзя з дня нараджэння аўтара паланэза "Развітанне з Радзімай" у 2015 годзе.
Пачынаючы з 2011 года на праектыя і будаўнічыя работы ў палацы Залессе накіравана 200 тыс. еўра па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва "Латвія - Літва - Беларусь" і амаль Br25 млрд з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў.
У сядзібе Залессе вядомы грамадскі дзеяч, дыпламат і кампазітар князь Міхал Клеафас Агінскі жыў амаль 20 гадоў (з 1802 па 1822 год). Тут ён і стварыў свой самы вядомы твор - паланэз "Развітанне з Радзімай". У тыя гады сядзіба Залессе была вядома насычаным прыдворным жыццём, з'яўлялася сапраўдным культурным цэнтрам, куды прыязджалі музыканты і кампазітары, паэты і мастакі. Яны называлі гэта месца Паўночнымі Афінамі.