Маладзечна адзначылі
03.07.2014 03:00

Маладзечанскі раён быў прызнаны лепшым для бізнесу ў Беларусі. А «Маладзечанская газета» перамагла ў намінацыі «Лепшае асвятленне тэмы прадпрымальніцтва ў рэгіянальных СМІ».
Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і лаўрэатаў рэспубліканскага конкурсу «Лепшы горад (раён) і вобласць для бізнесу Беларусі-2014» прайшла ў Мінскай гарадской ратушы.
На здымку: Уладзімір Мікалаевіч Карагін уручае аднаму з заснавальнікаў мясцовага дабрачыннага фонду “Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага” Уладзіміру Леанідавічу Сівухе пасведчанне аб членстве ў Мінскім Сталічным Саюзе прадпрымальнікаў і работадаўцаў.
Конкурс праводзіўся па ініцыятыве рэгіянальных бізнес-асацыяцый Рэспублікі Беларусь. Яго мэта -- павышэнне інвестыцыйнай прывабнасці гарадоў і раёнаў (пераможцаў конкурсу), папулярызацыя сацыяльна значных бізнес-праектаў і наладжванне дыялогу паміж бізнесам і ўладай. Каб вызначыць пераможцаў, журы ўлічвала больш за 20 эканамічных паказчыкаў.
-- З кожным годам конкурс становіцца ўсё больш папулярным, -- адзначыў старшыня прэзідыума саюза юрыдычных асоб «Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва» Уладзімір Мікалаевіч Карагін. Сёлета ў ім прынялі ўдзел 85 рэгіёнаў нашай краіны (5 абласцей, 3 абласныя цэнтры, 73 гарады і раёны і 4 раёны беларускай сталіцы). Вызначала пераможцаў кампетэнтнае журы, у склад якога ўваходзілі прадстаўнікі навукі і адукацыі, а таксама члены бізнес-асацыяцый. Па словах Уладзіміра Мікалаевіча, перамагчы Маладзечну дапамагла актыўнасць прадпрымальнікаў і дапамога ім з боку дзяржавы. У горадзе паспяхова дзейнічае бізнес-цэнтр, створаны дабрачынны фонд па ўвекавечанні спадчыны Міхала Клеафаса Агінскога, вядзецца работа па арганізацыі кластара па рэсурса- і энергазберажэнні.
Вынікі конкурсу на лепшае асвятленне тэмы прадпрымальніцтва сярод рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ агучыла дырэктар Цэнтра грамадскіх сувязяў Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Любоў Аляксандраўна Чарнышова. Яна адзначыла, што дзякуючы журналістам жыхары гарадоў і вёсак даведаюцца аб праблемах прадпрымальнікаў, аб тым, што іх цікавіць. Газеты, часопісы і інтэрнэт-парталы фарміруюць у грамадстве станоўчы імідж прадпрымальніцтва.
Агучанае вышэй цалкам адпавядае рэдакцыйнай палітыцы «Маладзечанскай газеты». Навіны бізнесу журналісты стараеюцца асвятляць аператыўна, аб’ектыўна і зразумела для чытачоў. Не абыходзяць яны і вострыя тэмы. У сваю чаргу дзейнасць многіх прадпрымальнікаў у горадзе і раёне дае інфармацыйную нагоду для газетных публікацый.
Дарэчы, галоўны рэдактар газеты, Аляксандр Іванавіч Лазоўскі з’яўляецца членам апякунскага савета фонду “Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага”, а карэспандэнт выдання, Бяганскі Алег – членам праўлення гэтай арганізацыі.
Яшчэ адным пераможцам у конкурсе на лепшае асвятленне тэмы прадпрымальніцтва стаў інфармацыйны партал навін «Край.бай» з Маладзечна.