След Огинских. Участники благотворительного фонда проехали по городам Витебской области PDF Печать
27.06.2014 00:00

Сапраўдным падарожжам у прасторы і часе стала для членаў і валанцёраў мясцовага дабрачыннага фонду «Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага» вандроўка па Віцебскай вобласці, па месцах, звязаных з жыццём і дзейнасцю прадстаўнікоў роду Агінскіх.
Чаму для вандроўкі была абрана Віцебшчына? Справа ў тым, што ў ХV-ХVIІ стагоддзях продкі Міхала Клеафаса валодалі землямі на тэрыторыі сучасных Віцебскай і Смаленскай абласцей. Потым яны сталі гаспадарамі маёнткаў у цэнтральнай і заходняй частках сучаснай Беларусі. Такім чынам, чым далей экспедыцыя фонду рухалася на ўсход Віцебшчыны, тым больш старажытная гісторыя роду Агінскіх адкрывалася яе ўдзельнікам.
Айцец Мікалай расказвае гісторыю Лучайскага касцёла
Лучай
Першым паселішчам, дзе мы спыніліся, была вёска Лучай. Знаходзіцца яна ў Пастаўскім раёне. У 1731 годзе вёску і навакольныя землі купіла Эльжбэта Пузына з роду Агінскіх. Пазней яна падарыла маёмасць свайму брату Тадэвушу Агінскаму (дзеду аўтара паланэза «Развітанне з Радзімай»). У 1766 годзе Эльжбэта і Тадэвуш распачалі будаўніцтва Касцёл захаваўся да гэтага часу. Па словах яго настаяцеля айца Мікалая, сюды прыязджаюць маліцца вернікі з усёй Беларусі. Тут устаноўлены адзіны ў нашай краіне помнік Папу Рымскаму Бенедыкту XVI. У храме ёсць старажытны арган, выраблены яшчэ ў 1811 годзе. Яго музыка і цяпер гучыць у час набажэнстваў. Часам для турыстаў ладзяцца канцэрты арганнай музыкі. Не забываюць парафіяне і аб сацыяльнай дапамозе тым, хто мае ў гэтым патрэбу.
Глыбокае
Горад Глыбокае, які быў наступнай кропкай на маршруце, непасрэдна з родам Агінскіх не звязаны. Але на жыццё гэтага раённага цэнтра паўплывала
эпоха, калі быў напісаны знакаміты паланэз.
Удзельнікі экспедыцыі пазнаёміліся з адной са славутасцей Глыбокага — саборам Нараджэння Прасвятой Багародзіцы. Раней храм належаў каталіцкаму ордэну кармелітаў босых. Праваслаўным ён стаў пасля паўстання 1831 года.
У падзямеллі сабора Нараджэння Прасвятой Багародзіцы. Глыбокае.
Членаў і валанцёраў фонду ўразілі падзямеллі, якія знаходзяцца пад саборам. Дарэчы, у савецкія часы ў гэтых падземных залах і калідорах захоўвалася прадукцыя мясцовага кансервавага камбіната.
На жаль, для большасці турыстаў такія гарады, як Глыбокае і Сянно (дзе мы пабывалі пазней), усё яшчэ застаюцца невядомымі. Між тым, адметных месцаў і цікавых людзей у беларускай правінцыі хапае. У Глыбокім, напрыклад, знойдзена магіла барона Мюнхгаўзена. Нядаўна ў горадзе ўстанавілі помнік гэтаму казачнаму (а магчыма, і рэальнаму) персанажу.
Полацк, Сянно
А вось Полацк з’яўляецца вядомым турыстычным цэнтрам. Сюды прыязджаюць і жыхары Беларусі, і замежныя турысты. Між тым, у XVII стагоддзі гэтым горадам валодаў Ян Агінскі, ваявода полацкі (прадзед Міхала Казіміра Агінскага, па ініцыятыве якога быў пабудаваны знакаміты Агінскі канал).
Няма сумнення, што Ян Агінскі шмат разоў бываў у Полацкім Сафійскім саборы. Наведалі гэты знакаміты храм і мы.
У горадзе Сянно маладзечанцаў сустракаў мясцовы краязнавец Васіль Бандарэвіч. Ён расказаў гісторыю раённага цэнтра, а таксама паказаў месцы, звязаныя з Агінскімі.
Аказваецца, Тадэвуш Агінскі, які з’яўляўся фундатарам касцёла ў Лучаі, выдаткаваў грошы і на будаўніцтва кляштара ў Сянно. Цяпер у гэтым будынку знаходзіцца каўбасны цэх. А вось касцёл, узведзены Тадэвушам Агінскім, да нашага часу не захаваўся.
Віцебск
Завяршылася наша экспедыцыя ў Віцебску. Тут, у раёне сучаснай плошчы Свабоды (побач са знакамітым амфітэатрам, дзе праводзіцца фестываль «Славянскі базар»), калісьці стаяў дом Агінскіх. А многія прадстаўнікі гэтага роду, напрыклад, Марцыян Агінскі (прадзед Міхала Клеафаса) і Ігнат Агінскі (брат Тадэвуша Агінскага, пра якога мы пісалі вышэй), былі пахаваны ў езуіцкім кляштары, што знаходзіўся непадалёк.
Яшчэ адно месца ў абласным цэнтры, звязанае з Агінскімі, — Свята-Траецкі Маркаў мужчынскі манастыр. У пачатку XVIІ стагоддзя яго ўзвёў Леў Самуіл Агінскі. Пазней яго сын Сімяон Карл Агінскі аднавіў манастыр, які пацярпеў ад пажару. Ён жа ў 1690 годзе пабудаваў царкву ў гонар Святой Жывапачатнай Тройцы. На жаль, да гэтага часу царква не захавалася. Яе разабралі ў 30-я гады мінулага стагоддзя.
Віцебск. Від на горад.
— Гісторыя роду Агінскіх цесна звязана з гісторыяй нашай краіны, — гаворыць удзельнік і арганізатар экспедыцыі, член праўлення мясцовага дабрачыннага фонду «Спадчына М.-К. Агінскага» Валерый Бурэнь. – Агінскія будавалі манастыры і цэрквы, адкрывалі школы, займаліся навукай. Гэта быў адукаваны род, які шмат зрабіў для нашай краіны. Тое, што Міхал Клеафас Агінскі быў усебакова развітай асобай (кампазітар, дыпламат, паўстанец, грамадскі дзеяч), не выпадковасць, а заканамернасць.
Па меркаванні актывіста фонду, такія экспедыцыі дапамагаюць глыбей пазнаёміцца з гісторыяй Беларусі, а таксама садзейнічаюць патрыятычнаму выхаванню моладзі.
Алег БЯГАНСКІ.
Фота АЎТАРА.
http://www.mgazeta.by/themy/2014-04-25-09-44-25/4435-sled-oginskih-uchastniki-blagotvoritelnogo-fonda-proehali-po-gorodam-vitebskoj-oblasti