У канцы ліпеня ў літоўскім горадзе Рэтавас па ініцыятыве Маладзечанскага Мясцовага дабрачыннага фонду “Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага” і пры падтрымцы Рэтаўскага музея гісторыі і культуры Агінскіх прайшоў круглы стол "Беларусь - Літва: на шляху культурнага супрацоўніцтва", у якім прынялі ўдзел кіраўнікі ўстаноў культуры Рэспублікі Беларусь і Літоўскай Рэспубліцы, прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, грамадскіх арганізацый і бізнес-саюзаў. Асноўнымі мэтамі круглага стала з’явіліся падвядзенне вынікаў сумеснай працы, накіраванай на адраджэнне культурнай спадчыны роду Агінскіх, і вызначэнне прыярытэтных напрамкаў супрацоўніцтва на перыяд 2013-2015 гг.
У сучасных умовах глабалізацыі менавіта міжнародныя праекты становяцца моцнымі сродкамі дыпламатыі і механізмамі сацыякультурнай інтэграцыі. Прызнаючы важнасць сумесных міжнародных акцый і праектаў у развіцці міжкультурнага дыялогу Літвы, Беларусі і іншых краін Еўропы, мэр горада Рэтавас Антанас Чарнецкіс адзначыў: “Мы аб’ядноўваем людзей розных краін са сваёй унікальнай культурнай спадчынай. Разнастайнасць і творчае багацце – умова поспеху на культурным шляху”. Дырэктар Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага Р.С. Сарока і дырэктар Рэтаўскага музея гісторыі і культуры Агінскіх В. Руткаускас, станоўча адзначаючы культурныя мерапрыемствы, якія былі рэалізаваны ў 2011-2013 гг. у межах міжнародных праграм "Масты спадчыны Агінскіх" і "Шляхамі паланэзаў Агінскага", абвясцілі асноўныя накірункі далейшага супрацоўніцтва. “Наш праект адкрыты ўсім зацікаўленым і неабыякавым да нашай агульнай культуры і гісторыі людзей. Спадзяюся на ўзбагачэнне нашага культурнага асяродку новымі ідэямі і цікавымі праектамі ў розных сферах творчай дзейнасці”, - адзначыў Вітас Руткаускас. Сапраўды, толькі агульнымі намаганнямі творчых і энергічных асоб магчыма паспяховая рэалізацыя любога праекта. Адзначым, што пры ўдзеле фонду “Спадчына М.К. Агінскага” былі праведзены Міжнарожная навуковая канферэнцыя “Палітычная і культурная дзейнасць князёў Агінскіх: рэфлексіі мінулага, перспектывы будучыні” (Вільнюс), Моладзевы баль (сумесна з духоўна-асветніцкім аб’яднаннем “Светач” Палаца культуры г. Маладзечна), выстава беларускіх мастакоў ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі, мастацкі пленэр і іншыя. Распрацаваны шэраг турыстычных маршрутаў па Беларусі, Літве і Польшчы. Усталяваны кантакты і падпісаны дамовы з калегамі са Швецыі і Італіі, аб чам таксама ішла гаворка падчас працы круглага стала. Рэжысёр культурных праграм Віргінія Каханскіце, распавядаючы аб праграме “Шлях паланэзаў Агінскага”, засяродзіла ўвагу на яе асветніцкім і іміджавым аспектах. Нагадаем чытачам, што ў межах дадзенай праграмы быў рэалізаваны міжнародны музычны праект – гастрольнае турнэ “Музыка княжацкага роду Агінскіх” (Рэтавас – Вільнюс – Маладзечна – Мінск – Масква) сумесна з Расійскай акадэміяй музыкі імя Гнесіных (Масква) і Нацыянальнай школай мастацтваў імя Чюрлёніса (Вільнюс). З цікавымі прапановамі на круглым стале выступілі загадчык кафедры культуралогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, прафесар А.І. Смолік, краязнаўца С.І. Верамейчык, старшыня Мінскага згуртавання нашчадкаў шляхты і дваранства І.У. Чакалаў, дырэктар Нацыянальнага музея імя М.К. Чюрлёніса О. Даугеліс, дырэктар Жэмайтійскага мастацкага музея А. Баканаускас і іншыя. Кульмінацыяй мерапрыемства стаў прагляд дакументальнай стужкі аб жыцці і творчасці М.К. Агінскага, знятай РУП “Беларускі відэацэнтр” (рэжысёр-пастаноўшчык Анастасія Мірашнічэнка). У бліжэйшы час плануецца распрацаваць міжнародную культурную праграму "Шлях культуры Агінскіх", прымеркаваную да святкавання 250-годдзя з дня нараджэння М.К. Агінскага, разам з Нацыянальнымі камісіямі па справах ЮНЭСКА Беларусі і Літвы, Міністэрствамі культуры і замежных спраў абодвух краін і амбасадамі. Па выніках круглага стала была падпісана рэзалюцыя, у якой вызначаны шэраг мерапрыемстваў на 2013-2015 гг. Культурная разнастайнасць, творчасць, інавацыйныя падыходы, сацыяльнае партнёрства – менавіта грунтуючыся на гэтых прынцыпах будзе здзяйсняцца наша сумесная праца, якая абавязкова прынясе адпаведныя вынікі.
Павел Сапоцька, фота Ірыны Рухлі На фота: праца круглага стала
|