Халодныя эстонцы не проста апладзіравалі, а яшчэ і тупалі нагамі!
22.04.2012 16:05

“Дырэктар літоўскага музея прыбег у антракце ў распранальню і ўпаў на калені перада мной!” – дзеліцца Рыгор Сарока, кіраўнік і дырыжор сімфанічнага аркестра музычнага каледжа імя Агінскага.

Рыгор Сямёнавіч Сарока, кіраўнік і дырыжор сімфанічнага аркестра музычнага каледжа імя Агінскага, старшыня праўлення мясцовага дабрачыннага фонду "Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага".

Зусім нядаўна, 9 красавіка, навучэнцы, якім не пашчасціла адправіцца ў гастрольнае падарожжа ў Эстонію і Літву, праводзілі  сваіх  таварышаў. Але вось ужо яны прагна глытаюць іх апантаныя апавяданні пра тое, што і як было. Я таксама далучылася да тых, хто жадаў пачуць штосьці незвычайнае, і першапачаткова накіравалася да Рыгора Сарокі…

– Спадар Рыгор, скажыце, дзе вы паспелі пабываць за гэты тыдзень?

– Першы горад – сталіца Эстоніі Талін. Там была не якая-небудзь зала, а эстонская філармонія! Тут адбыўся першы канцэрт. 900 пасадачных месцаў, і, як і ў Беларусі, быў аншлаг. Поўны аншлаг. Ні аднаго вольнага месца. І публіка адпавядала: элітная, музычная. У канцы халодныя эстонцы не проста апладзіравалі, а яшчэ і тупалі нагамі!

 

 

– Якая ж была праграма?

– Праграма ўзрушаючая! Канцэрт ішоў дзве з паловай гадзіны. Можна сабе ўявіць, што за гэты час гучала. З намі яшчэ выступалі спявачка з Зальцбургскай акадэміі музыкі Дара Савінава і вядомы эстонскі музыкант Ёхан Рандверэ, лаўрэат міжнародных конкурсаў. Надзвычайны піяніст! Мы з ім выканалі канцэрт для фартэпіяна і аркестра эстонскага кампазітара Артура Лемба.

– Як вы паспелі з імі “сыграцца”? Рэпетыцый жа амаль не было ...

– А туды прыехалі і адыгралі. Вось такі аркестр у мяне цяпер. Па сутнасці, была адна рэпетыцыя.

– Куды вы адправіліся пасля Таліна?

– Мы паехалі ў знакаміты оперны горад Пярну. Там чатыры гады таму пабудавалі надзвычайную канцэртную залу. Па сутнасці, гэта зала нават лепшая за Талінскую філарманічную і лічыцца лепшай канцэртнай залай Эстоніі. У Пярну мы начавалі дзве ночы і з’ехалі пасля гэтага ў горад Выру.

Гэта невялікі горад, але менавіта тут з’явіўся калісьці першы сімфанічны аркестр Эстоніі. Адтуль родам мой сябар, дырыжор Талінскага опернага тэатра Эркі Пехк. Там у нас хапалі канцэрт. Людзі хапалі Эркі за рукі і казалі: “Дзякуй, што ты знайшоў і запрасіў такі калектыў”.

Там быў незвычайна цёплы прыём. Пасля кожнага з канцэртаў я звяртаўся да людзей са словамі аб сваёй краіне, аб нашым блізкім суседстве, пра патрэбы часцей сустракацца менавіта на глебе мастацтва і музыкі.

А пасля гэтага – шлях у Літву ў Рэтавас. У гэтым горадзе жыве яшчэ адзін мой сябар, дырэктар музея Міхала Клеафаса Агінскага. Там вельмі шануецца род Агінскіх, і нас запрасілі да іх на свята “Дзень сусветнай культуры”. Прыехалі госці з Амерыкі, Ізраіля, Германіі і іншых краін.

Свята завяршалася нашым канцэртам. Гэта было нешта! Дырэктар музея прыбег у антракце ў распранальню і ўпаў на калені перада мной. Настолькі ён быў узрушаны!

– Спадар Рыгор, але што было асабліва прыемным для вас?

– Усе ў гасцініцах казалі маім сябрам, якія ўдзельнічалі ў арганізацыі канцэртаў, што наша моладзь вельмі прыгожая і што ў іх выдатныя манеры.

– Можа, ужо плануеце паехаць зноў?

– Паступіла прапанова ехаць у Талін і ў Швецыю ў Стакгольм, зладзіць там вечар вакальнай музыкі з сімфанічным аркестрам. Цяпер мы гэта абдумваем. Далей сімфанічны аркестр адкрывае рэспубліканскі конкурс піяністаў, які адбудзецца ў нас у Маладзечне на базе нашага каледжа імя Агінскага з 26 па 29 красавіка. Потым аркестр едзе ў Маскву, дзе мы адкрываем фестываль сімфанічнай музыкі ў сядзібе Галіцына. А ўжо другога верасня выязджаем у Варшаву, дзе будзем запісваць у варшаўскай студыі новы дыск.

– Якія ўзнагароды прывезлі?

– У Таліне мы ўзнагароджаныя Ганаровай граматай Міністэрства культуры Эстоніі. У горадзе Рэтавасе мы ўзнагароджаныя граматай мэрыі, а мне там павязалі стужку гэтага горада, якая выдаецца ганаровым людзям.

Настасся РОЎДА, моладзевая рэдакцыя “РГ”.

“Рэгіянальная газета”

http://www.rh.by/by/167/20/4647/