Апублікавана ў "Рэгіянальная газета" (http://rh.by) “Экскурс у вобраз”. Так назваў сваю лекцыю Барыс Барысавіч Цітовіч – мастак, графік, аўтар Музея памяці Першай сусветнай вайны “Крокi 26 ost” у вёсцы Заброддзе, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва за высокія творчыя дасягненні ў 2003 годзе.
Барыс Барысавіч Цітовіч і валанцёры , якія займаюцца праектамі па папулярызацыі спадчыны М.К. Агінскага.
Барыс Барысавіч – чалавек высокай духоўнай культуры. Ён паўстаў перад гледачамі як изограф, іканапісец. Цудоўны роспіс Свята-Ціханаўскага храма, выкананы ў асноўным ім, з'яўляецца сапраўднай жамчужынай Вілейскага краю. Распавядаючы пра іканаграфію, мастак засяродзіўся на іконе – гэтым своеасаблівым акне ў вечнасць, у свет Боскі, дзе ўсё напоўненае гармоніяй, святлом, чысцінёй, любоўю. Іканастас выбудоўваецца, пэўным чынам уключаючы ў сябе старажытныя традыцыі. У Свята-Ціханаўскім храме іканастас невялікі, трох'ярусны. Самы верхні – “Дэісусны шэраг” (у перакладзе “Маленне”) – уключае абраз “Спас у сілах” (у цэнтры) і вобразы звернутых да яго Маці Божай і Яна Хрысціцеля, за імі – Архангелаў Міхала і Гаўрыіла, апосталаў Пятра і Паўла. Яны паказаныя ў традыцыйным жэсце малітоўнага заступніцтва за род людскі перад тварам Нябеснага Цара і Суддзі. Іконы Дэісуснага шэрагу напісаў Барыс Цітовіч. Сярэдні шэраг іканастаса – “святочны” – выкананы мастачкай Вольгай Рыбінай. Іконы ніжняга шэрагу – “мясцовага” – Андрэем Косікавым з Мінска. У гэтым – саборнасць храмавага мастацтва. Тут не праяўляюцца індывідуальныя асаблівасці кожнага мастака. Іканапісец, багамаз працуе, карыстаючыся старымі напрацаванымі шматвяковымі традыцыямі тых людзей, якія працавалі на карысць царквы. Таму ўсе роспісы выкананыя па строгіх канонах і правілах старажытнага іканапісу. Што ж такое вобраз? Ікона па-беларуску – абраз, што вельмі важна. Вобраз – адлюстраванне, адбітак. Вобраз, увасоблены ў іканаграфіі, стаіць на мяжы двух светаў – бачнага і нябачнага. Хаця выразнай мяжы паміж імі не існуе. З’яўленне абраза было звязана з перыядам іканаборства, які скончыўся ў 787 годзе. На Усяленскім саборы было прынята, што абраз трэба шанаваць і ён павінен знаходзіцца ў царкве. У многіх храмах, асабліва пратэстанцкіх, абразоў мала. Барыс Цітовіч распавёў пра тое, што ён бачыў у Германіі: “Лютэране, пратэстанты, ваенныя, навукоўцы праяўляюць каласальную цікавасць да нашай іконы. Калі я быў за мяжой, то ў якасці падарунка ўзяў з сабой шмат маленькіх абразоў. Камандзіру знакамітага батальёна Бундэсвера падарыў два абразы – Казанскую Багародзіцу і Збавіцеля. Я быў узрушаны адказам ваеннага: “Гэта ўсё жыццё будзе стаяць на маёй тумбачцы, дзе я сплю, а Маці Божая – у жонкі. Калі мы памром, гэта пяройдзе нашым дзецям”. Іканаграфічныя малюнкі – гэта саборная практыка многіх пакаленняў. Цікава, што аўтарамі абразоў з'яўляюцца святыя айцы, а не мастакі. Гэта таксама вельмі важны момант. Чалавек павінен дасягнуць такой ступені святасці і праведнасці, што яму адкрываюцца многія рэчы вышэйшага свету, і ён адчувае, якой павінна быць ікона. У такім выпадку мастак, як сказала адна паэтка, “пэндзлік у Божых руках”. Да іканапісца прад'яўляліся вельмі жорсткія патрабаванні ў плане ладу жыцця. І, вядома, у гэтай галіне дасягнулі высокага ўзроўню тыя мастакі, якія прытрымліваліся правілаў. Андрэй Рублёў і Данііл Чорны: разам пасціліся, разам маліліся, разам пісалі. Феафан Грэк, фрэскі якога захаваліся ў Ферапонтавым манастыры, ім больш за 500 гадоў. Абраз звернуты да людзей для таго, каб мы працавалі над выратаваннем нашых душ. Вобраз прад'яўляе да нас патрабаванні, якія напоўненыя любоўю. Варта засяродзіцца і на тэхнічным баку стварэння абразоў. Матэрыялы, якія выкарыстоўваюцца ў іканапісе, могуць мець расліннае (дошка), мінеральнае (пігменты фарбаў) і жывёльнае (яечная аснова тэмперы, рыбны або мездровы клей) паходжанне. Але калі з'явіліся новыя матэрыялы, насценныя роспісы ў Свята-Ціханаўскім храме сталі выконваць акрылавымі фарбамі. Невядома толькі, колькі часу гэтыя роспісы захаваюцца. Храм пачаў ўпрыгожвацца насценнымі роспісамі з 1998 года, пры протаіерэі Фёдары Куксо. Ва ўнутранай частцы апсіды з'явілася першая фрэска – выява Святой Тройцы, выкананая Андрэем Косікавым з Мінска. У 2003 годзе Барысам Цітовічам і Аляксеем Дзмітрыевым быў распрацаваны парадак размяшчэння кампазіцый на сценах храма. Сакрамэнт Эўхарыстыі (у перакладзе з грэчаскай – “падзяка”, прычашчэнне апосталаў) намаляваны на ўсходняй сцяне алтарнай апсіды. На “ветразях” – трохвугольных прамежках пад барабанам – традыцыйна размяшчаюцца Евангелісты Матфей, Марк, Лука, Іаан. Над “ветразямі” на “ручніку” намаляваны прабацькаўскі чын. У медальёнах –старазапаветныя святыя: Адам, Ева, Ной і іншыя. У “барабане”, падкупальнай прасторы, – малюнкі васьмі анёлаў. Купал упрыгожаны так званай Хрызмай – манаграмай Хрыста (майстар Аляксей Дзмітрыеў). У цяперашні час роспіс храма працягваецца. Пасля паўтары гадзіны лекцыі Барыс Цітовіч правёў экскурсію на хорах Свята-Ціханаўскага храма. На вышыні роспісы паўсталі ва ўсёй сваёй пышнасці. Нібы знаходзішся ў нейкім таямнічым свеце і з усіх бакоў на цябе глядзяць Святыя лікі, і міласць Божая спускаецца на цябе і асвятляе твой шлях па жыццёвым моры да радасці і любові. Святлана ЧАБАТАР, настаўніца Вілейскай гімназіі №2. Вілейка,Вілейка, Aўтар: Святлана Чабатар 18.01.2012. 13:02 Информация дана в рамках проекта по продвижению и повышению узнаваемости волонтёров, принимающих участие в сохранении и популяризации наследия рода Огинских. В течение года появятся статьи, посвящённые всем участникам проекта.
|