У Маладзечна запрацуе адзіная дыспетчарская служба па агратурызму
17.05.2011 17:49

У Маладзечне запрацуе адзіная дыспетчарская служба па агратурызму, якая дазволіць напоўніць патокам турыстаў месцы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю Міхала Клеафаса Агінскага і ўсяго роду Агінскіх. Але дзеля гэтага патрабуецца каардынацыя працы як дзяржаўных органаў, так і прыватнай ініцыятывы.

Менавіта тэме каардынацыі сумесных дзеянняў дзеля далейшага развіцця агратурызму на Маладзечаншчыне і была прысвечана размова ў аддзеле фізічнай культуры, спорта і турызма Маладзечанскага райвыканкама. Сустрэча адбылася па іныцыятыве гаспадароў аграсядзіб раёна і прайшла з удзелам начальніка аддзела фізічнай культуры, спорта і турызма Мікалая Ўладзіміравіча Шрымфа, галоўнага спецыяліста Аляксандра Мікалаевіча Туронка, старшыні савета па агратурызму Аляксандра Іванавіча Рашэтнікава, 1-га віцэ-старшыні Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзіміра Леанідавіча Сівухі, дырэктара ТАА “Успешнострой” Ігара Леанідавіча Ржачыцкага, прадпрымальніка Руслана Аляксандравіча Кісялёва.

 

 

Што магло б прыцягнуць на Маладзечаншчыну дадатковы кантынгент адпачываючых? Інфармацыя! Даступная, поўная і сканцэнтраваная ў адным цэнтры інфармацыя, калі патэнцыйны кліент, пазваніўшы на адзіны тэлефонны нумар, зможа выбраць увесь комплекс прапануемых паслуг, і тут жа дамовіцца аб часе, месцы, кошце і г.д. Па словах Уладзіміра Леанідавіча Сівухі, падобны інфармацыйны цэнтр паспяхова дзейнічае на Лагойшчыне, і нішто не замінае нам пераняць гэты вопыт. Тым больш, што адзіная база дадзеных аб аграсядзібах, музеях, культавых цэнтрах, спартыўных збудаваннях, самадзейных калектывах у нашым раёне ужо рыхтуецца. А рыхтуе яе  аддзел фізічнай культуры, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама. Вырашана, што ў хуткім часе такі цэнтр з’явіцца і ў нас.

Наступіўшы год аб’яўлены “Годам прадпрымальнасці”. А гэта значыць, што ідэя прыватна-дзяржаўнага партнёрства павінна рэалізоўвацца больш рэзультатыўна. Начальнік аддзела фізічнай культуры, спорта і турызма Мікалай Ўладзіміравіч Шрымф зазначыў, што і дзяржаўным установам, і прыватнаму бізнесу трэба вучыцца каардынаваць сваю працу на карысць раёна, вучыцца прыцягваць к нам гасцей, турыстаў, інвестараў. Культурныя, спартыўныя, агратурыстычныя аб’екты, працуючы ў “адзінай звязцы”, падвышаюць прыцягальнасць усяго раёна, дапаўняюць адзін аднаго.

Эканамісты падлічылі, што наша суседка Літва за мінулы год атрымала даход ад агратурыстычнай дзейнасці ў суме каля аднаго мільярда долараў ЗША. У Літве працуе каля 700 аграсядзіб, прычым практыкуецца здача ў арэнду на лета аграсядзібы пэўнаму прадпрыемству. Гэта нават можа быць прапісана ў “сацыяльным пакеце” прадпрыемства. Так што сэнс развіцця сектару ёсць. Тым больш, што ў гэтым годзе вялікая колькасць нашых грамадзян арыентуецца правесці летні адпачынак менавіта ў Беларусі і менавіта за беларускія рублі.

На фота: Старшыня савета па агратурызму Маладзечанскага раёна Аляксандр Іванавіч Рашэтнікаў, начальнік аддзела фізічнай культуры, спорта і турызма Мікалй Ўладзіміравіч Шрымф, 1- ы віцэ-старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімір Леанідавіч Сівуха.