Наша зямлячка ў фінале дзіцячага “Еўрабачання - 2011” па Беларусі!
09.05.2011 21:06

Дар’я Атрошанка – вучаніца 4 “А” класа  гімназіі №10 г. Маладзечна разам з чатырма другімі юнымі выканаўцамі выйшла ў фінал дзіцячага конкурса “Еўрабачанне - 2011” па Беларусі. Віншуем юную маладзечанку з поспехам і просім крышачку распавесці аб ёй і аб конкурсе яе маму, кіраўніка паэтычнага аб’яднання “Агмень” пры Палацы культуры г. Маладзечна, паэтэсу і выканаўцу, актывіста мясцовага дабрачыннага фонда “Паўночныя Афіны”  Таццяну Атрошанка:

-         Даша, акрамя паспяховай вучобы ў школе, наведвае яшчэ і дзіцячую музычную школу па класу фартэпіяна, займаецца ва ўзорнай эстраднай студыі ”Спяваем разам”. Дзяўчынка яна жывая, творчая, заўсёды імкнецца дабавіць сваю нотку ў працэс навучання. Бывае, што выконваючы хатняе заданне, Даша пачынае імправізаваць, паказваць творчы падыход,  можа выканаць сваю варыяцыю музычнага твора.

-         “Еўрабачанне -2011” – гэта яе першы конкурс?

-         Не. Дзяўчынка ўжо мае некаторы вопыт удзелу ў конкурсах. У гэтым годзе яна стала дыпламантам “Маладзічка”, былі і іншыя выступленні.

-         Скажыце калі ласка, якім быў шлях да фінала адборачнага турніру дзіцячага “Еўрабачання - 2011” па Беларусі?

-         Аб “Еўрабачанні - 2011” мы даведаліся са СМІ, пазнаёміліся з умовамі, параіліся з Дар’яй і прыйшлі да высновы, што варта паспрабаваць. Галоўнае - стварыць такую песню, якая б адлюстроўвала характар Дашы, яе светапогляд, памкненні, мары. И такая песня нарадзілася, бо Дар’я - гэта такое дзіця, якое проста фантаніруе ідэямі. Таму і песня выпраменьвае святло, радасць і яе дзіцячую непасрэднасць. Потым – запіс у студыі. На адрас Белтэлерадыёкампаніі, якая з’яўляецца арганізатарам конкурса, паступіла 45 заявак з усёй Беларусі. Пасля іх разгляду 10 лепшых хлопчыкаў і дзяўчынак  паехалі ў Мінск непасрэдна для праслухоўвання. Даша выступала пад першым нумарам. Вядома, хвалявалася, бо разлічвала на вялікую аўдыторыю. Прыйшлося ж спяваць толькі перад строгім журы. Але я, як мама і “трэнер”, хвалявалася болей. Дзяўчынка, а разам з ёй яшчэ 4 юныя выканаўцы прайшлі ў фінал дзіцячага “Еўрабачання - 2011” ад нашай краіны. Наперадзе - падрыхтоўка і запіс тэлеверсіі песні.

-         Калі пройдзе фінал конкурса? Які ваш настрой перад фіналам?

-         Фінал пройдзе дзесці ў апошняй трэці верасня, і менавіта тады тэлегледачы павінны будуць выбраць юнага выканаўцу, які і стане прадстаўляць Беларусь на гэтым міжнародным конкурсе ў Ерэване. Канешне, нам вельмі б хацелася, каб ім стала Даша. На сцэне дзяўчынка адчувае сябе  ўпэўнена. Яна бывае на маіх выступленнях, я – на яе. Так што мы заўсёды разам - і у жыцці, і ў творчасці.

-         І мы жадаем поспехаў Дар’і і спадзяёмся, што Маладзечаншчына падтрымае нашу юную зямлячку ў фінале.

-         Дзякую, і мы таксама на гэта спадзяёмся!